На ХХІІІ рэспубліканскім справаздачна-выбарным злёце Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі “Мір дзяцінства – наша будучыня”, які праходзіў у Мінску, высокай узнагароды Цэнтральнага савета ГА “БРПА” – нагруднага знака “Ганаровы піянер Беларусі” – была ўдастоена наша зямлячка, старшыня раённай піянерскай арганізацыі, каардынатар дзейнасці моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, каардынатар раённага валанцёрскага клуба “Мы разам”, загадчыца аддзялення дадатковай адукацыі Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірына Мішчанка.

Здаецца, няма ў раёне такой сферы, звязанай з моладзевай работай, акцыямі і праектамі, да якой Ірына Анатольеўна не мела б дачынення. Сваю прафесійную дзейнасць моладзевы лідар пачынала педагогам-арганізатарам у Вензавецкай сярэдняй школе, у галіне дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працуе апошнія 12 гадоў. Усё яе працоўнае жыццё, а гэта ўжо больш за чвэрць стагоддзя, прысвечана рабоце з падрастаючым пакаленнем.

На Дзятлаўшчыне з заслужанай узнагародай Ірыну Анатольеўну віншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Таццяна Ваніслаўчык.

– Высокая ўзнагарода піянерскага аб’яднання “Ганаровы піянер Беларусі” сведчыць аб тым, што вашу працу ацанілі на рэспубліканскім узроўні, – павіншаваў Аляксандр Бараноўскі і ўручыў Ірыне Анатольеўне Падзячны ліст старшыні раённага Савета дэпутатаў. – Зразумела, што такая ўвага матывуе, але і заклікае да новых ідэй і праектаў. Упэўнены: у вас усё атрымаецца. Удачы і натхнення!

Да віншаванняў старшыні райсавета далучылася Марына Лашкоўская:

– Безумоўна, адзін у полі не воін, вы сёння сказалі, што ў вас ёсць мудры кіраўнік, аднак да гэтага прывялі і вашы жаданні, памкненні, высокая адказнасць за даручаны ўчастак работы. Піянер – гэта першы, і сёння першая – вы. Натхнення вам, творчасці, пабольш радасных падзей. Работа стала сэнсам вашага жыцця. “Ганаровы піянер Беларусі” – гэта лідар, які заўжды наперадзе. Мы ўдзячны за вашу працу, ацэненую на ўзроўні рэспублікі, але дасканаласці няма межаў. Раённае кіраўніцтва шмат увагі надае сферы адукацыі, таму тварыце, марце, перамагайце. Поспехаў вам і невычэрпнай энергіі.

– Ёсць людзі, якія “гараць” сваёй справай, працуюць па закліку душы, таму і дабіваюцца вынікаў. Ірына Анатольеўна – адна з іх, – падрахункавала віншаванні Таццяна Ваніслаўчык.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае

 

Похожие публикации