Першыя крокі ў прафесію сёлета робіць Роберт Асіпук.

Па размеркаванні ён прыехаў працаваць у горад, дзе вырас. Маладога спецыяліста, педагога дадатковай адукацыі, гасцінна сустрэў калектыў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава. Тут Роберт Дзмітрыевіч будзе працаваць па накірунку “Камп’ютарная графіка”. У маладога педагога шмат творчых планаў і задумак, якімі ён з задавальненнем дзеліцца.

– Аб’яднанне па інтарэсах “Камп’ютарная графіка” пажадалі наведваць некалькі групаў вучняў, гэта пераважна навучэнцы 5-7 класаў, усяго 31 чалавек, – расказвае малады спецыяліст. – Яно будзе працаваць на базе ўстановаў адукацыі райцэнтра: гімназіі № 1, сярэдніх школ № 1 і № 3 горада Дзятлава.

Навучэнцы аб’яднання асвояць вектарную і растравую графіку ў праграмах “Corel Draw” і “Adobe Photoshop”. Камп’ютарную графіку мы плануем вывучаць для выкарыстання ў дызайне, паколькі гэта не толькі цікава, але і можа спатрэбіцца ў паўсядзённым жыцці ці для будучай прафесіі. Я правёў невялікую гутарку з дзецьмі, даведаўся, што большасць з іх імкнецца асвоіць камп’ютарную графіку, бо марыць стаць дызайнерамі, праграмістамі ці проста прыгожа малюе.

– Што змогуць ствараць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія запісаліся ў ваша аб’яднанне?

– Навыкі камп’ютарнага дызайну спатрэбяцца пры стварэнні лагатыпаў, візітовак, плакатаў, постараў, пры вёрстцы тэкстаў. Авалодаўшы праграмай “Adobe Photoshop”, навучэнцы змогуць рэдагаваць фотаздымкі: ажыццяўляць карэкцыю колеру, рэтушыраваць, рабіць калажы з некалькіх фота.

– А як вы захапіліся камп’ютарным дызайнам і прыйшлі ў прафесію?

– Пачыналася ўсё з выяўленчага мастацтва. У шостым класе настаўніца беларускай мовы папрасіла мяне дапамагчы стварыць мультфільм на конкурс. Для гэтага спатрэбілася зрабіць малюнкі на 50 лістах. Настаўніца заўважыла, што ў мяне добра атрымліваецца, арганізавала сустрэчу з педагогам Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жаннай Лукашэня, у якой я затым займаўся. У сёмым класе вырашыў запісацца яшчэ і на камп’ютарны дызайн да педагога дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Гражыны Гульбіцкай. Новая справа мяне захапіла, і навучанне я прадоўжыў у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў па спецыяльнасці “Дызайн”. Сёння гэта запатрабаваны накірунак дзейнасці. Ён уваходзіць у топ-10 найбольш папулярных сусветных прафесій і неабходны пры стварэнні рэкламы, распрацоўцы сайтаў, афармленні інтэр’ераў.

– Мяркую, у вас ужо ёсць пэўныя творчыя набыткі.

– Малюю шмат. Вяду свой акаўнт у Instagram (_robertik_._), дзе можна пабачыць не толькі мае работы, але і працэс іх стварэння. За час вучобы ў Гродне двойчы ўдзельнічаў у творчых выставах, дзе экспанаваліся малюнкі маладых і вядомых мастакоў Прынёмання. Спецыялізуюся пераважна на партрэтах. Сярод накірункаў выяўленчага мастацтва, якія мяне прывабліваюць – класіцызм, барока, імпрэсіянізм.

– Над чым працуеце цяпер і што ў планах надалей?

– Акрамя заняткаў з наведвальнікамі аб’яднання “Камп’ютарны дызайн”, збіраюся на базе Цэнтра творчасці праводзіць індывідуальныя ўрокі з адоранымі дзецьмі. Гэта будуць пераможцы творчых конкурсаў выяўленчага мастацтва, навучэнцы старэйшых класаў, якія ўсвядомлена робяць свой прафесійны выбар і збіраюцца паступаць на дызайнераў.

Безумоўна, будзем актыўна ўдзельнічаць і ў творчых конкурсах. Напрыклад, нядаўна мы з навучэнцамі Цэнтра творчасці з дапамогай праграмы “Corel Draw” намалявалі эскіз значка для юных эколагаў, накіравалі яго на конкурс “Сцяжынкамі бацькаўшчыны” і чакаем вынікаў. Цяпер з Надзеяй Губко рыхтуем работу ў намінацыі “Архітэктура горада” на абласны этап рэспубліканскай выставы-конкурсу “АрхНавацыя”. Гэта будзе малюнак аднаго з храмаў горада Гродна.

Яшчэ я мару заняцца фрылансам у інтэрнэце – ствараць лагатыпы, постары, рэкламу, візуалізацыю.

Ірына СТЫРНІК
Фота з асабістага архіва Роберта Асіпука

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации