У нашым раёне актыўна дзейнічаюць грамадскія арганізацыі. Адна з іх –  Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Гэта добраахвотнае рэспублiканскае грамадскае аб’яднанне, якое заснавана на інтарэсах грамадзян з мэтай вырашэння сацыяльных праблем.

Нядаўна старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі Чырвоны Крыж” Галіна Касцюк выступіла перад работнікамі Дзятлаўскай ЦРБ і кіраўнікамі пярвічных арганізацый з дакладам аб праведзенай за мінулы год рабоце.

Галіна Эдвардаўна расказала, што колькасць пярвічак Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ў раёне за 2017 год павялічылася на 6, і гэта добры паказчык. Яшчэ адным плюсам стала тое, што фінансавы план удалося выканаць на 100,64% дзякуючы актыўнаму ўдзелу членаў прэзідыума арганізацыі.

Выкананы план асноўных арганізацыйных мерапрыемстваў, які быў узгоднены са старшынёй прэзідыума Дзятлаўскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Марыяй Максімовіч. План прадугледжваў арганізацыйную працу, прыцягненне сродкаў і развіццё рэсурсаў, дзейнасць па сувязях з грамадскасцю, ахову здароўя, правядзенне мерапрыемстваў і акцый да значных дат і падзей, а таксама валанцёрскі рух.

У Дзятлаўскім раёне зарэгістраваны 4 валанцёрскія атрады. Некаторыя валанцёры перыядычна аказваюць гаспадарча-бытавую і сацыяльную падтрымку адзінокім жыхарам раёна.

На працягу 2017 года ў Дзятлаўскім раёне развівалася дзейнасць такой гуманітарнай праграмы Чырвонага Крыжа, як догляд чалавека ў яго доме: працуе малодшая медсястра міласэрнасці Чырвонага Крыжа, на яе абслугоўванні знаходзяцца 8 падапечных.

ГА “Беларускі Чырвоны Крыж” аказвае дапамогу і жыхарам іншых краін. Так, у 2017 годзе мігрантам з Украіны была аказана дапамога ў выглядзе сертыфікатаў на прадукты харчавання і адзенне.

У наш раён таксама паступала замежная бязвыплатная дапамога ад Ісландскай і Швейцарскай арганізацый Чырвонага Крыжа. Асноўнымі атрымальнікамі гуманітарнай дапамогі з’яўляліся інваліды 1 і 2 групаў, інваліды дзяцінства, малазабяспечаныя грамадзяне, пенсіянеры з нізкім узроўнем дастатку, шматдзетныя і няпоўныя сем’і з нізкім узроўнем даходу, а таксама грамадзяне, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. У мінулым годзе гуманітарную дапамогу атрымалі 87 чалавек.

Два разы на год у Дварэц прыязджаюць прадстаўнікі з Галандыі і прывозяць прадуктовыя наборы для Чырвонага Крыжа. Наборы размяркоўваюцца сярод  тых, хто ў гэтым мае патрэбу.

Высокую сацыяльную значнасць мае сумесны праект Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, які накіраваны на лячэнне хворых з лекава ўстойлівымі сухотамі. У Дзятлаўскім раёне 2 жыхары атрымалі такую дапамогу.

Акрамя таго, штогод у маі праводзіцца месячнік Чырвонага Крыжа: арганізоўваюцца мерапрыемствы і акцыі, у якіх удзельнічаюць пярвічныя арганізацыі школ раёна. Напрыклад, віншуюць ветэранаў і аказваюць ім дапамогу. У рамках месячніка ў 2017 годзе таксама праводзіліся акцыі “Буккросінг”, “Мяняю цыгарэту на цукерку”, “Дадзім піву перадышку, возьмем у рукі сок і кніжку”.

У чэрвені 12 каманд сельскагаспадарчых кааператываў спаборнічалі на званне лепшай санітарнай дружыны, а 3 лепшыя каманды атрымалі падарункі.

У час летняй спёкі валанцёры ўдзельнічалі ў акцыі “Вада для ўсіх”: раздавалі пітную ваду тым, хто адчуваў смагу. А на летніх канікулах у дзіцячых лагерах валанцёры праводзілі мерапрыемствы па здаровым ладзе жыцця.

Перад пачаткам школьнага года прайшла акцыя “Збяром партфель школьніку”: 10 дзяцей, якім патрэбна была дапамога, атрымалі канцылярскія наборы.

На бягучы год перад ГА “Беларускі Чырвоны Крыж” пастаўлена шмат новых задач, таксама будуць ажыццяўляцца праекты, якія былі паспяховымі ў папярэднія гады.

Юлія БАКУНОВІЧ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Прямая линия

Прямая линия

15 января, 2025
ГрадусПлюс. Гэта немагчыма есці
Працуюць тэлефоны гарачай лініі

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации