У падарунак да Года народнага адзінства дзятлаўскія школьнікі атрымалі новы камфартабельны аўтобус, які ўжо працуе на адным з маршрутаў раёна.

Неабходны навучэнцам і іх бацькам транспарт быў перададзены на баланс раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый з упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Гэта дванаццаты школьны аўтобус “ПАЗ 32053-02” для падвозу навучэнцаў да ўстаноў адукацыі Дзятлаўскага раёна і назад да месца пражывання. Ён разлічаны на 23 пасадачныя месцы, абсталяваны ўсімі неабходнымі сродкамі бяспекі і дазваляе зрабіць перамяшчэнне дзяцей больш камфортным.

Вадзіцель школьнага аўтобуса Аляксандр Зайцаў, якія нядаўна дадаў у свае вадзіцельскія правы катэгорыю “D” і прыйшоў працаваць на маршрут, абноўкай вельмі задаволены. Кажа, што ў салоне аўтобуса ўсё прадугледжана для маленькіх пасажыраў: аўтаматычная высоўная прыступка, рамяні бяспекі на кожным сядзенні, паліцы для ранцаў, кнопкі “прыпынку па патрабаванні”, сігнал задняга ходу, гучнагаварыцель і шмат іншых карысных навінак.

– Я працую вадзіцелем аўтобуса на маршруце нумар чатыры. Падвожу дзяцей з вёсак Лапушна і Круцілавічы, а таксама гарпасёлка Наваельня ў школы горада Дзятлава. Вельмі рады такой “абноўцы”, бо ў новым аўтобусе дзецям будзе бяспечна, зручна і цёпла нават зімой, якая ўжо не за гарамі, – кажа Аляксандр Фёдаравіч.

У раённым цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый заўважаюць, што новы школьны аўтобус – гэта каштоўны ўклад у развіццё якасці і даступнасці адукацыі. Ён стаў добрай дапамогай для бацькоў і педагогаў, якія будуць упэўненыя, што навучэнцы своечасова і бяспечна дабяруцца да школы і назад дадому.

– На балансе цэнтра для падвозу навучэнцаў ва ўсе ўстановы адукацыі Дзятлаўскага раёна задзейнічаны 12 школьных аўтобусаў: з іх 1 спецыяльна абсталяваны аўтобус для падвозу дзяцей-інвалідаў на заняткі ў Дзятлаўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, – расказвае яго кіраўнік Святлана Панасюк. – Аўтапарк сістэмы адукацыі практычна поўнасцю абноўлены, некаторыя аўтобусы за час летніх канікулаў умацавалі дадатковымі поручнямі і рамянямі бяспекі для зручнасці маленькіх пасажыраў.

Па словах Святланы Віктараўны, новы транспарт дапамог аптымізаваць падвоз да ўстаноў адукацыі і зменшыць час знаходжання дзяцей у шляху да 30 хвілін, як таго патрабуюць сучасныя санітарныя нормы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации