30 мая празвінеў апошні званок для 193 выпускнікоў 11-ых класаў і 236 выпускнікоў 9-ых класаў Дзятлаўшчыны. З заканчэннем школы падлеткаў павіншавалі іх настаўнікі і бацькі ў час урачыстых лінеек.
Выпускнікоў гімназіі №1 горада Дзятлава першай павітала дырэктар навучальнай установы І.І. Гецэвіч. Яна пажадала юнакам і дзяўчатам поспеху на экзаменах, уступных іспытах. Звярнуўшыся да настаўнікаў, яна падзякавала ім за плённую працу на ніве выхавання.
Да словаў І. І. Гецэвіч далучыліся і ганаровыя госці школьнага свята — першы намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. В. Бабіна, Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэй М. Пінчук.
М. В. Бабіна ўручыў гімназістам дыпломы раённага выканаўчага камітэта за дасягнутыя поспехі ў вучобе. Іх атрымалі Марыя Каско, Андрэй Жадзейка, Яўгенія Кетко, Ілья Угрын, Дар’я Сарока.
Айцец Мікалай уручыў дыплом Анастасіі Лаўнік — пераможцы епархіяльнай алімпіяды.
З бацькоўскім наказам да выпускнікоў звярнулася І. А. Гусева. Яна пажадала юнакам і дзяўчатам здароўя, дабрыні, абраць правільную дарогу ў жыцці.
Прыгожым відовішчам школьнага свята стаў вальс выпускнікоў.
Напрыканцы ўрачыстай лінейкі дырэктар гімназіі №1 г. Дзятлава І. І. Гецэвіч падвяла вынікі навучальнага года, уручыла дыпломы і граматы лепшым вучням гімназіі — пераможцам алімпіядаў, конкурсаў, праектаў, спартыўных спаборніцтваў.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА