Ёсць у нашай краіне цудоўнае народнае свята – Стары Новы год, або Шчадрэц, які беларусы адзначаюць з 13 на 14 студзеня.

Гэту адметную нацыянальную традыцыю на Дзятлаўшчыне не першы год падтрымліваюць артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці і спецыялісты бібліобуса Дзятлаўскай раённай бібліятэкі.

Вось і сёлета творчы калектыў сектара накіраваўся ў святочны рэйд-віншаванне, каб правесці тэатралізаваны абрад “Шчадрэц” для жыхароў вёсак Руда Яварская, Гута, Капці, Падвялікае.

На кожным прыпынку вяскоўцы цёпла сустракалі гасцей, панавалі радасць і добры настрой, было шмат жартаў і гумару. Жыхары віталі Казу – сімвал урадлівасці і дабрабыту – заклікалі яе на свае падворкі, бо ёсць павер’е: “Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць”.

Людзі загадвалі на новы ўраджай, спадзяваліся, што з візітам шчадрацоў і Казы-гарэзы ў іх дамы прыйдуць шчасце, здароўе, дастатак, а непасрэдна ў час сустрэчы яны атрымалі важкі зарад бадзёрасці і станоўчых эмоцый.

Дзякуючы тэатралізаванаму абраду, жыхары аддаленых вёсак ад душы павесяліліся і адчулі сапраўднае свята.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі рэйду

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Следующая новость

Похожие публикации