Сфера дзейнасці прадпрыемства меліярацыйных сістэм мае надзвычай “шырокую геаграфію”.

Таму без транспарту тут – анікуды. На балансе арганізацыі 72 адзінкі аўтатрактарнай тэхнікі, за рулём якой працуюць вопытныя, надзейныя, адказныя механізатары і вадзіцелі. Знаёмцеся з некаторымі з іх.

Уладзімір Дзянісік – жывая энцыклапедыя меліярацыі раёна. Ён працуе вадзіцелем легкавога аўтамабіля трыццаць пяць гадоў, памятае месцазнаходжанне амаль кожнага аб’екта, дзе працавалі яго калегі за гэты час. Уладзімір Аркадзьевіч выдатна валодае геаграфіяй не толькі Дзятлаўскага, але і Карэліцкага раёна, бо і там працуюць нашы меліяратары. Кожны дзень вопытнага вадзіцеля чакаюць важныя паездкі, якія патрабуюць пунктуальнасці, увагі і высокай ступені адказнасці.

Вяртаючыся з камандзіровак, вадзіцель займаецца домам, дапамагае па гаспадарцы любімай жонцы Валянціне Пятроўне, якая таксама шмат гадоў працавала ў Дзятлаўскім ПМС, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Выхаднымі днямі Дзянісікі часта ездзяць у госці да дзяцей, каб праведаць маленькіх унукаў.

Міхаіл Бандарчук – адзін з найбольш вопытных работнікаў прадпрыемства. Яго стыхія – вялікія машыны, паслухмяныя ў вопытных руках кіроўцы. Мужчына пачынаў свой працоўны шлях у меліярацыі за рулём бартавога КамАЗа, сёння ён на цягачы або платформе дастаўляе тэхніку на будаўнічыя аб’екты па ўсёй Гродзеншчыне. Міхаіла Васільевіча ведаюць у калектыве як добразычлівага, пазітыўнага і камунікабельнага чалавека, спраўнага як у рабоце, так і ў адпачынку. Акрамя таго, у мужчыны надзвычай цікавае хобі: вольны ад працоўных будняў час ён прысвячае сельскагаспадарчым клопатам, разам з жонкай займаецца гадаваннем козаў.

Уладзімір Кузьміч – самы сціплы з кагорты вадзіцеляў, ён не з тых, хто будзе доўга гаварыць пра сябе, аднак справу сваю ведае і любіць. У меліярацыю мужчына прыйшоў чвэрць стагоддзя таму пасля службы ў войску: спачатку працаваў тут рабочым, затым машыністам экскаватара. Сёння ён кіруе бензавозам і легкавым аўтамабілем, займаецца падвозам людзей на аб’екты, забяспечвае транспарт прадпрыемства палівам і запчасткамі. Калегі паважаюць Уладзіміра Сяргеевіча за яго абавязковасць і таварыскасць. Яго асаблівай прафесійнай рысай, як і ў пераважнай большасці вадзіцеляў прадпрыемства, з’яўляецца беражлівае стаўленне да працоўнай тэхнікі. Па меркаванні прафесіянала, работа вадзіцеля – адна з самых цікавых, бо яна дорыць знаёмства з новымі мясцінамі і людзьмі.

Юрый Вярстак прыйшоў працаваць у меліярацыю з аддзела культуры: вырашыў паспрабаваць сябе ў бацькавай прафесіі, не пашкадаваў, што кардынальна памяняў сферу дзейнасці. Больш за дзесяцігоддзе ён за рулём службовага аўтамабіля працуе ў сферы матэрыяльнага забеспячэння прадпрыемства. Юрый Уладзіміравіч ахвотна ездзіць у блізкія і дальнія камандзіроўкі, у астатні час рыхтуе аўтамабіль. Любіць, каб усё было на сваіх месцах, працавала без збояў. Мужчына – адзін з самых “маладых” сярод вадзіцеляў прадпрыемства меліярацыйных сістэм, аднак адчувае сябе ў калектыве камфортна і ўпэўнена. Калі ў рабоце ёсць пытанні, яму заўжды дапамагаюць старэйшыя вопытныя калегі.

У вольны час мужчына таксама за рулём: любіць ездзіць у лес па грыбы або на рыбалку. Шмат часу ён прысвячае хатнім справам і рамонту ўласнага аўтамабіля.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации