“Спорт – гэта наша ідэалогія. Падняцце Дзяржаўнага сцяга, выкананне Дзяржаўнага гімна ў гонар нашых спартсменаў умацоўваюць аўтарытэт Беларусі, выклікаючы ў мільёнаў беларусаў пачуццё гонару за Радзіму” – адзначае Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. Асновы высокіх дасягненняў куюцца ў невялікіх раёнах, звычайных спартыўных школах, дзе таленавітыя педагогі запальваюць зоркі на спартыўным небасхіле краіны.
Трэнер-выкладчык па цяжкай атлетыцы Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы з 44-гадовым стажам Сяргей Залатароў расказаў пра поспехі сваіх падапечных і трэніровачны працэс:

– Навучальны год, які ўжо падыходзіць да завяршэння, склаўся для нас вельмі добра. У аддзяленні цяжкай атлетыкі нашай школы на сёння займаюцца чатыры групы па дзесяць чалавек, школьнікі пачынаючы з 9-13-гадовага ўзросту. Сёлета ўпершыню поўным саставам мы выступілі на спаборніцтвах высокага рангу – Алімпійскіх днях моладзі ў Гродне: дзяўчаты занялі другое агульнакаманднае месца, хлопцы сталі трэцімі. У абласной спартакіядзе наша зборная таксама замацавалася на прызавым трэцім месцы. На п’едэстал паднімаліся дзятлаўскія юныя спартсмены Сандра Лашчэўская, Эвеліна Семянюк, Данііл Яроцкі, Павел Гурскі. Летась Надзея Пілевіч была трэцяй на першынстве Рэспублікі Беларусь сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Па выніках мінулага года яна паступіла ў вучылішча алімпійскага рэзерву ў Гродне. Анастасія Францішчык, якая ўжо сама працуе трэнерам, стала трэцяй на першынстве Рэспублікі Беларусь сярод моладзі. Яна атрымлівае спецыяльную стыпендыю Дзятлаўскага райвыканкама як перспектыўны спартсмен. Аналагічнай стыпендыі былі ўдастоены паспяховыя юныя цяжкаатлеты Павел Гурскі і Арцём Блоцкі, якія займаюцца ў вышэйшым звяне падрыхтоўкі. Сёлета Арцём будзе рыхтавацца да адбору на першынство Еўропы па цяжкай атлетыцы, жадаем яму ўдачы. Цяпер у школе алімпійскага рэзерву навучаюцца пяць маіх падапечных, паказваюць высокія вынікі, паспяхова абараняюць званні кандыдатаў у майстры спорту, а затым і майстроў спорту. Найлепшая ўзнагарода для мяне – станоўчыя водгукі пра нашых хлопцаў, словы ўдзячнасці за падрыхтоўку ад трэнераў вышэйшага звяна. Двух нашых выпускнікоў уключылі ў спісачны састаў Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы – гэта Павел Гурскі і Анастасія Францішчык.
– Цяжкая атлетыка – нялёгкі від спорту, аднак у вас заўсёды аншлаг. У чым сакрэт?
– Нашы трэніроўкі – не толькі пра спорт, тут у дзяцей без перабольшвання другі дом, сям’я, сябры. Істотная частка навучэнцаў аддзялення – дзеці з апякунскіх сем’яў і дзіцячага дома сямейнага тыпу. Для іх спартыўная зала – кропка прыцягнення. Юныя спартсмены паказваюць прыклад адзін аднаму і дасягаюць вынікаў. Усе, хто прыходзіць на секцыю цяжкай атлетыкі, ведаюць, што тут іх чакае падтрымка, сяброўства, здаровая актыўнасць і цікавыя заняткі. Акрамя таго, цяжкая атлетыка аказвае выдатны ўплыў на здароўе, загартоўку, сілу духу. Бацькі школьнікаў гэты момант пачынаюць хутка разумець, таму падтрымліваюць сваіх дзяцей у занятках спортам. Немалаважна, што ў зале дзеці не проста “цягаюць жалеза”: мы даём ім культуру спартыўных заняткаў, яны дакладна ведаюць тэрміналогію, могуць назваць усе элементы, якія выконваюць і разумеюць механізм. Сёлета, як і кожны год, усе 145 навучэнцаў спартыўнай школы будуць праходзіць аздараўленне ў спартыўным лагеры нашага раёна. Маё асабістае меркаванне ў тым, што спорт жыццёва неабходны: дзеці, якія займаюцца спортам і ездзяць на спаборніцтвы, больш адаптаваны да пераменлівага сучаснага жыцця.
– Ці дастатковая матэрыяльная база для заняткаў цяжкай атлетыкай?
– Не проста дастатковая, а выдатная, для трэніровак ёсць усё неабходнае: новае ўтульнае памяшканне з чатырма спецыялізаванымі памостамі, у тым ліку памост для спаборніцтваў, адобраны Федэрацыяй цяжкай атлетыкі, новы інвентар; ёсць усе камплекты штангі, пачынаючы з дзіцячага. Таксама за кошт раённага бюджэту ўсе нашы падапечныя і трэнеры забяспечаны камплектамі спартыўнай формы з дзяржаўнай сімволікай. Вялікія словы ўдзячнасці хачу выказаць кіраўніцтву раёна за дапамогу і клопат. Акрамя таго, выдатна дапамагаюць спонсары. Штогод мы праводзім унутраны турнір школы на прызы, якія набывае мой былы выхаванец, заснавальнік ТАА “Перфекцыя” горада Баранавічы Віталь Лябецкі. Ён жа прадастаўляе для юных спартсменаў аддзялення навагоднія падарункі.
– Аб чым марыцца і якія ёсць планы на будучыню?
– Будзем працаваць над тым, каб у 2026 годзе выйграць нашым саставам абласныя спаборніцтвы сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Гэта абсалютна рэальна: дзеці вельмі здольныя, таленавітыя, мы гатовы працаваць і дасягаць вынікаў. Як і кожны трэнер, маю самую запаветную мару – выхаваць будучага алімпійскага чэмпіёна.
– Чаго пажадаеце калегам – работнікам фізкультуры і спорту нашай краіны?
– Жадаю высокіх і пастаянных дасягненняў у спорце, удачы, рухацца наперад і не спыняцца на дасягнутым. Моцнага здароўя трэнерам і іх падапечным. Усім беларусам – мірнага неба і дабрабыту. Калі ў нашай краіне будзе мір і лад, будуць і спартыўныя перамогі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае #образование