Ніводная ўрачыстасць не абыходзіцца без багатага стала. Якія смачныя тавары больш даспадобы спажыўцам? Каб даведацца аб гэтым і пачаставаць гараджан якаснай прадукцыяй, якую некаторыя, магчыма, яшчэ не паспелі ацаніць на смак, напярэдадні навагодніх і калядных святаў магазін “Родны Кут”, які знаходзіцца на плошчы 17 Верасня, ладзіў для сваіх пакупнікоў дэгустацыю хлебабулачнай прадукцыі.

Як расказала начальнік аддзела прамысловасці, нарыхтовак, знешнеэканамічнай дзейнасці і рынкаў Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Вольга Лелей, дэгустацыя праходзіць планава і яна ўжо трэцяя на гэтым тыдні: такія ж правялі ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына, горадзе Навагрудку.

– Ацаніць нашы вырабы на смак – найлепшы спосаб для людзей азнаёміцца з перадсвяточным асартыментам самага запатрабаванага тавару, які заўжды на стале, – хлеба і салодкай выпечкі, – адзначыла Вольга Лелей. – Усё, што прадстаўлена на дэгустацыі (дваццаць найменняў) – наша штодзённая выпечка, пастаянны асартымент. Зразумела, што “кірпічык” нязменна прысутнічае на паліцах магазінаў, падавога хлеба ў нас чатыры віды, таму іх чаргуем. Дэгустацыі ў шасці філіялах, якія абслугоўваем, праводзім рэгулярна. Сёння да нас далучылася яшчэ і санстанцыя, каб святы ў дзятлаўчан прайшлі не толькі смачна, але і бяспечна.

Топ самых папулярных гатункаў дзятлаўскага хлеба-2024 – гэта “Прыазёрны” (кірпічык), які ведаюць усе і просяць прадаваць без упакоўкі, каб быў хрумсткі і смачны. “Падавы” – на аматара. “Здравушка” – пшанічны хлеб, які людзі таксама высока ацанілі і пастаянна запытваюць у магазінах. Таксама любімыя ў жыхароў раёна булачкі “Лакамка” з разынкамі па пяць у пакеце, таму пячом іх кожны дзень па 200 штук.

Сёлета наш філіял прымаў удзел у рэспубліканскім конкурсе “Смаката-2024”. Падавалі на яго тры намінанты – вітушку “Аніта”, рулеты “Макаўнік” і “Святочны з макам”. Усе гэтыя гатункі печыва ўзялі гран-пры І ступені. Вельмі ганарымся ўзнагародай, дзякуем нашым людзям, нашым брыгадам, бо такі вынік – іх заслуга.

У наступным годзе плануем выпякаць хлеб з рознымі дабаўкамі і булачкі для гамбургераў, якія часта запытваюць пакупнікі ў магазінах. Да святаў я жадаю дзятлаўчанам не толькі прыемных пакупак, але і здароўя, дабрабыту, дастатку, каб усё атрымлівалася, а мы будзем старацца выпякаць хлеб, каб у нашых спажыўцоў усё было смачна, духмяна, салодка.

Больш падрабязна, чаму да дэгустацыі далучыліся спецыялісты Дзятлаўскага райЦГЭ, расказала інструктар-валеолаг Наталля Юрэня:

– Дзятлава – гэта здаровы горад, паколькі ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўнага праекта “Здаровыя гарады і пасёлкі”. Да дэгустацыі мы далучыліся, каб яшчэ раз нагадаць людзям, што харчаванне – гэта аснова здароўя, даўгалецця, якасці жыцця. Ад яго залежыць наша энергетычная здольнасць, настрой, работа ўнутраных органаў. Хочам скіраваць увагу насельніцтва, што прадукты трэба выбіраць не толькі для насычэння арганізма, але і карысныя для здароўя. У Дзятлаўскага хлебазавода ёсць узбагачаная прадукцыя – хлеб “Здравушка”. Хочам, каб пакупнікі больш увагі звярталі на здаровы лад жыцця, таму распаўсюджваем тэматычныя друкаваныя матэрыялы. 

Удзельнікі дэгустацыі таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Валянціна Дорда:

– У нашай сям’і аддаецца перавага менавіта дзятлаўскай прадукцыі і не толькі хлебабулачнай. Найперш у ёй прываблівае якасць. На дэгустацыі пакаштавала нават не ўсе вырабы. Спадабаўся менавіта зернавы хлеб, здоба таксама смачная. Ужо ведаю, што буду набываць на святы.

Вольга Жукель:

– Я сама адпрацавала на дзятлаўскім хлебазаводзе 40 гадоў. Скончыла Баранавіцкі тэхнікум, пачынала тэхнолагам, потым майстрам. Час праляцеў як адзін дзень. Заўжды любіла сваю работу. Праца хлебапёка вельмі цяжкая і адказная, праблемы здараюцца розныя, бо гэта вытворчасць, тым не менш я ўдзячна лёсу, што звязаў мяне з такой важнай і запатрабаванай справай.

На дэгустацыю трапіла выпадкова, усё, што каштавала, – вельмі смачна і цудоўна. Дай Бог здароўя спецыялістам, новых ім пачынанняў, поспехаў, каб усё ўдавалася. Сама я заўжды набываю “кірпічык”, батон, булачкі, усё падабаецца.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее
#нашалепшае

Похожие публикации