Зіма, асабліва напярэдадні навагодніх і калядных святаў, – час цудаў і падарункаў. І кожнае дзіця марыць, каб у госці завітала добрая казка. Ажыццявіць дзіцячыя мары могуць дарослыя.

З гэтай мэтай 18 снежня ў прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава наведаліся старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Алена Бераснева і старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржустановаў Ірына Жэгала. Справа ў тым, што ў рамках дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы – дзецям” у пераднавагоднія дні актывісты прафсаюзнага руху нашай краіны наведваюць падшэфныя сацыяльна-педагагічныя цэнтры, школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Мэта перадсвяточнай акцыі простая і зразумелая – не пакінуць без увагі ні адно дзіця, асаблівую ўвагу прафсаюзныя лідары скіроўваюць на дзяцей,  якія засталіся без апекі бацькоў, інвалідаў, дзетак з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў.

У сацыяльным прытулку аб’ектам увагі гасцей стаў дзевяцігадовы Дзяніс. Так склалася, што ён і пяцігадовы Максім (цяпер знаходзіцца ў бальніцы) сустрэнуць святы не дома, а ў дзяржаўнай установе. Тым не менш, хлопчыкі не застануцца без падарункаў, цукерак і навагодняга ранішніка. Першыя навагоднія падарункі Дзяніс прымаў ад прафсаюзных лідараў.

Алена Бераснева прывезла ў прытулак дзіцячую літаратуру, нездарма ж кажуць, што кніга – лепшы сябар і лепшы падарунак.

– Скажы, Дзяніс, ці любіш ты чытаць кнігі? – пацікавілася Алена Пятроўна, а даведаўшыся, што Дзяніс любіць вучыцца, з радасцю прадоўжыла знаёміць яго з навінкамі, якія трапяць на кніжную паліцу прытулка. – Тут “Чароўныя казкі”, “Казачныя гісторыі”, а вось – “Энцыклапедыя насякомых”, кніга пра жывую прыроду, а гэта класіка – “Пан Тадэвуш” Міцкевіча. Глянь, гэта кніга пра дыназаўраў. Яна павінна абавязкова табе спадабацца. Дамовімся, што, калі мы прыедзем у наступны раз, ты раскажаш, аб чым прачытаў. Тут шмат цікавых гісторый і кнігі для развіцця, будзеш іх чытаць і дзяліцца новымі ведамі з сябрамі.

Дзяніс падзякаваў за падарункі і прызнаўся, што найбольш яго зацікавіла “Энцыклапедыя насякомых”, хутчэй за ўсё яна будзе прачытана першай.

Са словамі падзякі да гасцей звярнулася дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Жэгалік.

– Алена Пятроўна, Ірына Дзмітрыеўна, дзякуй, што вы нас не забываеце і аказваеце падтрымку. Дзякуй, што прыехалі і павіншавалі нас да Дня абароны дзяцей, а цяпер і да навагодніх святаў.

У сваю чаргу Алена Бераснева паабяцала, што гэта не апошні візіт на Дзятлаўшчыну, будуць і новыя сустрэчы, падарункі. На памяць для сацыяльнага прытулка Алена Бераснева і Ірына Жэгала пакінулі прысвячэнне і свае аўтографы на адной з падораных кніг. Дзяніс расказаў гасцям аб сваім захапленні – майстраваць прыгожыя рэчы з паперы і дапаможных матэрыялаў, паказаў ёлачку, якую зрабіў сам, і навагоднія ўпрыгажэнні. Развітваліся з гасцямі цёпла, з пажаданнем: “Да новых сустрэч”.

Ірына КАЎКЕЛЬ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Прямая линия

Прямая линия

15 января, 2025
ГрадусПлюс. Гэта немагчыма есці
Працуюць тэлефоны гарачай лініі
Предыдущая новость

Следующая новость

Похожие публикации