Прыціхла неба, ціха на зямлі,
І ў сэрцах ціш, і на душы лагода.
Гадзіннік цікае, імчыцца час.
Ні гуку, бы застыла ўся прырода.

Чакаем свята – хутка Новы год,
У клопатах, у мітусні жыццёвай
Няма калі саміх сябе спытаць,
Ці будзе, сапраўды, для нас ён новым.

Што прынясе, ці ўсталюе мір
На нашай растрывожай планеце?
Куды ідзём, чым жывіцца душа,
Якую спадчыну пакінем дзецям?

Мы на мяжы, дарога ў новы год
Таемна мільганецца і растае.
І кожны чалавек у паўночны час
Пад стрэлак бег жаданне загадае.

Мы ж пажадаем нашым землякам,
Любові, шчасця, радасці, надзеі.
Хай шчодрасцю заўжды гарыць душа,
Агеньчык дабрыні хай не сатлее.

І будзе мірным неба над зямлёй,
Якую продкі ў бітвах адстаялі,
Каб тыя, хто заменіць заўтра нас,
Ні войн, ні бед ніколі не спазналі.

Давайте разам зробім першы крок
У новы год – ён будзе самым светлым, –
Падарым блізкім сэрцаў цеплыню
І ўсміхнёмся позіркам прыветным!

Алена АБРАМЧЫК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации