На Дзятлаўшчыне адбыўся першы выезд перасоўнага фельчарска-акушэрскага пункта. Ён ахопіць абслугоўваннем сельскія населеныя пункты, дзе няма стацыянарных медыцынскіх установаў.

– Перасоўны ФАП – неабходны для медыцынскага абслугоўвання насельніцтва нашага раёна і, упэўнены, будзе запатрабаваны ў дзятлаўчан, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка. – Раённым выканаўчым камітэтам удзяляецца вялікая ўвага сістэме аховы здароўя: толькі за апошні год праводзіліся рамонтныя работы ў раённай, гарпасялковых бальніцах. Ідзе будаўніцтва ў Новаяльнянскай гарпасялковай бальніцы. У 2024 годзе ў вёсцы Ахонава адчыніў свае дзверы новы модульны ФАП, які палепшыў умовы работы медыцынскага персаналу і дазволіў насельніцтву атрымліваць медыцынскія паслугі ў больш камфортных умовах. Таксама ў мінулым годзе было прынята рашэнне па набыцці перасоўнага ФАПа, які каштаваў раённаму бюджэту больш за 280 тысяч рублёў. Такая форма дазволіць больш дэталёва праводзіць медыцынскае абслугоўванне ў аддаленых населеных пунктах. Вяскоўцы актыўна цікавяцца графікам, выказваюць пажаданні каб іх абавязкова наведалі.

Праводзіць перасоўны ФАП у добры шлях у першы дзень яго выезду сабраліся адміністрацыя і калектыў Дзятлаўскай ЦРБ. Памаліўся разам з прысутнымі за добрую работу, здароўе медыкаў і жыхароў раёна і асвяціў новую тэхніку клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай іерэй Аляксей Сцепановіч.

У першы дзень работы ФАПа ў пуцявым лісце два населеныя пункты. Па маршруце разам з вадзіцелем Міхаілам Пчэльнікам выязджаюць адна з самых  вопытных памочнікаў доктара-тэрапеўта Яна Пякарская, намеснік галоўнага доктара Наталля Літвінская і галоўная медыцынская сястра Дзятлаўскай ЦРБ Ілона Белавус. Задача не толькі аказаць медыцынскую дапамогу і пазнаёміць вяскоўцаў з новай формай прыёму, але і ўлічыць водгукі пацыентаў, важныя для далейшай работы.

У Яцвезі мясцовыя жыхаркі, даведаўшыся з раённай газеты час выезду, сустракалі медыкаў адразу на вуліцы.

– Чакалі вас не менш, чым аўталаўку, – павіталася з медыкамі Крысціна Латушка. – Раней бачылі па тэлевізары, што такія машыны прыязджаюць у вёскі, нам таксама хацелася. Дзякуй кіраўніцтву раёна і галоўнаму доктару, што зрабілі зручна для людзей. У Яцвезі я ўжо 65 гадоў, даўно жыву адна. Як што са здароўем не так, трэба было хуткую дапамогу выклікаць. Цяпер, дзякуй Богу, можна пачакаць доктара, які прыедзе і паглядзіць на месцы.

Жанчыны жартуюць, што першым на прыём абавязкова трэба патрапіць адзінаму на ўсю вёску мужчыну. Пакуль памочнік доктара праводзіць пярвічны агляд, мерае ціск і выводзіць кардыяграму, жанчыны чакаюць на невялікай канапе ва ўтульным калідорчыку ФАПа, дзе цёпла, светла утульна, можна пагаварыць пра жыццё.

У размове Алена Гоман таксама ўхваляе з’яўленне ў вёсцы перасоўнага ФАПа:

– За ўсё жыццё практычна ні разу не была ў бальніцы. Працавала на ферме, на пякарні, у “быце”, толькі медагляды праходзіла. А цяпер, як патрапіла ў аварыю, былі пераломы, трэба часцей доктару паказвацца, добра, што да нас будуць самі рэгулярна ездзіць. Тут нават аналізы можна здаць! Асабліва добра, што аптэка будзе, каб сваечасова купляць усе неабходныя лекі.

Для памочніка доктара Яны Пякарскай работа ў выязным ФАПе – новы цікавы вопыт. Атрымаўшы прапанову ад кіраўніцтва бальніцы, яна адразу пагадзілася, бо любіць працаваць з людзьмі, а сядзець на месцы ёй наадварот не імпануе. Шэсць гадоў пасля заканчэння Слонімскага медкаледжа яна працавала на прыёме ў паліклініцы, брала дзяжурствы на “хуткай”.

– Мне падабаецца, вельмі цікава – новы вопыт. Тут ёсць усё неабходнае для паліклінічнага прыёму: можам памераць вагу і рост, артэрыяльны і ўнутрывочны ціск, зняць кардыяграму, узяць аналізы, у жанчын – мазкі на онкацыталогію. Для этага з намі будзе выязджаць акушэрка, а пры неабходнасці – вузкія спецыялісты.

Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Віктар Яцкевіч расказаў пра асаблівасці фельчарска-акушэрскага пункта і графік яго работы:

– Перасоўны ФАП будзе выязджаць рэгулярна згодна з графікам, які распрацоўваецца на месяц. Пазнаёміцца з ім можна ў раённай газеце “Перамога”. З пажаданнямі па рабоце ФАПа можна звярнуцца ў сельскія саветы або адміністрацыю раённай бальніцы. Таксама мабільны ФАП будзе выкарыстоўвацца як для правядзення прыёму, так і дыспансерызацыі, вакцынацыі сельскага насельніцтва.

Віктар Казіміравіч адзначыў, што перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт цалкам аўтаномны, не патрабуе падключэння да лініі электраперадачы. Ён мае шэсць акумулятараў (на два больш, чым у звычайнай камплектацыі). На выпадак больш працяглай работы прадугледжаны бензінавы генератар. У зімовы перыяд  тут заўсёды цёпла: унутры ўсталяваны дзве сістэмы ацяплення, для летняга  перыяду – сістэма кандыцыянавання. Ёсць халадзільнае абсталяванне, што дазваляе захоўваць медыкаменты пры нізкіх тэмпературах, а таксама вакцыну для правядзення прышчэпак і пробы крыві, узятыя ў пацыентаў. 

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации