Пад такой назвай у Дзятлаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прайшоў яркі і запамінальны конкурсна-гульнявы марафон, прымеркаваны да Міжнароднага жаночага дня 8 Сакавіка.

У рамках яго адбылася ўрачыстасць “Няма жанчыны больш цудоўнай на свеце”, якая сабрала выхаванцаў і іх мам, каб разам адзначыць свята.

Разам з вядучай праграмы – сацыяльным педагогам цэнтра Святланай Ранцэвіч, радасць у час мерапрыемства дзецям і дарослым дарыла піратша Ірамі, у ролю якой пераўвасобілася каардынатар дзейнасці раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!”, загадчык аддзялення дадатковай адукацыі Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірына Мішчанка. Яе яркі касцюм і харызматычнае выступленне адразу ж прыцягнулі ўвагу прысутных, стварылі атмасферу весялосці і радасці. Хлопчыкі, дзяўчынкі, іх матулі з энтузіязмам удзельнічалі ў шматлікіх конкурсах. Кожны іспыт быў напоўнены смехам, запалам і сяброўскім саперніцтвам. Удзельнікі праявілі свае таленты ў творчых гульнях і эстафетах.


Мамы з задавальненнем падтрымлівалі сваіх дзяцей, а часам і самі станавіліся ўдзельніцамі вясёлых спаборніцтваў. На працягу марафону гучалі песні, ладзіліся танцы. Атмасфера свята агортвала цяплом і радасцю, а ўсмешкі на тварах удзельнікаў сталі найлепшым пацвярджэннем таго, што такія мерапрыемствы сапраўды важныя і патрэбныя.


Напрыканцы ўрачыстасці матулі атрымалі памятныя падарункі ад сваіх сыноў і дачок, але галоўным для ўсіх сталі зарад радасці і прыемныя ўражанні, якія будуць саграваць сэрцы яшчэ доўгі час.
Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны МІШЧАНКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее