Такое кароткае і хвалюючае слова – баль. Гэта раскошныя ўборы, дуэлі, саперніцтва, асаблівы этыкет і яшчэ – гэта цэлы спектакль, адметная падзея ў жыцці чалавека мінулых стагоддзяў. Баль – гэта не проста забавы, а выдатная магчымасць для цікавага адпачынку, знаёмства і стасункаў, задавальнення ад музыкі і танцаў.

– Даўно прайшла эпоха пышных баляў і маскарадаў, але зноў і зноў у сваіх марах мы вяртаемся ў тыя даўнія часы крыналіну і шоўку, рамантычнага паху духоў, звону шпор і шабляў. І няхай жа гэты вечар стане сапраўдным святам узнёслага танцавальнага мастацтва. Таму мы рады вітаць вас на балі ў Тызенгаўза, натхнёным гісторыяй і музыкай нашай краіны, – павіталі ўдзельнікаў танцавальнага мерапрыемства вядучыя.

Распарадчыкам яго стаў Анатоль Кардаш – мастацкі кіраўнік аматарскага аб’яднання “Эліт Данс”, намеснік старшыні камітэта па бальнай культуры Беларускай прафесійнай танцавальнай лігі, мастак-кераміст.

Па традыцыі адкрылі баль паланэзам і пад гучныя апладысменты сустракалі дам і кавалераў танцавальных аматарскіх калектываў “Мінская зорка”, “Паланэз-сябрына”, “Баламуты”, “Эпатажны блюз”, “Эліт Данс” і ўсіх прыхільнікаў даўнейшых танцаў, якія сабраліся ў гэты дзень у Дзятлаве.

– Мы вельмі радыя, што энтузіязм да бальных танцаў, які быў уласцівы нашаму пакаленню, застаўся ў нашай краіне, і нават у такіх маленькіх гарадах, як Дзятлава, мы бачым, што людзі з задавальненнем займаюцца гэтымі танцамі. Хачу пажадаць усім здароўя, энтузіязму, працягваць займацца любімай справай, – звярнуўся да гасцей Барыс Папоў, былы старшыня Федэрацыі танцавальнага спорту ў Беларусі, які разам з жонкай Наталляй з’яўляўся ўдзельнікам першых бальных турніраў у СССР.

Яшчэ адзін ганаровы госць балю – намеснік старшыні Прэзідыума Беларускай прафесійнай танцавальнай лігі Людміла Цыркун. Яна падзякавала Анатолю Кардашу за арганізацыю такіх цудоўных сустрэч і ўручыла падзяку за асабісты ўклад у развіццё бальнай культуры Рэспублікі Беларусь.

На працягу вечара пад гукі жывой музыкі ў выкананні Новаяльнянскага духавога аркестра пары змаглі паказаць сваё майстэрства і проста атрымаць асалоду ад танцаў, многія з якіх невядомыя нашым сучаснікам, але заварожваюць сваёй вытанчанасцю і прыгажосцю – падэграс, катыльён, вальс, кадрыля, контрданс, шапелуаз, конскі бранль, французская полька. З задавальненнем адгукнуліся танцоры і на прапановы паўдзельнічаць у гульнях і розыгрышах, за што атрымлівалі памятныя сувеніры ад арганізатараў.

Госці на баль у Дзятлава прыехалі з розных гарадоў. Удзельнік калектыву клуба “Сябрына” Канстанцін – з Бабруйска. Ён расказаў, што ў нашым горадзе першы раз, але даўно хацеў тут пабываць. Сустрэў шмат знаёмых, рады бачыць і новых удзельнікаў. Спадабалася, што гучыць жывая музыка, якая яшчэ больш стварае атмасферу сапраўднага балю.

– Сёння мой трыццаць першы баль, – адзначыла яшчэ адна ўдзельніца клуба “Сябрына” Святлана. – Ад танцаў атрымала шмат задавальнення, выдалася яшчэ адна нагода сустрэцца са знаёмымі, з якімі нас аб’ядноўвае захапленне бальнымі танцамі. Усё цудоўна.

З цікавымі выступленнямі, якія заваражылі і дам, і кавалераў, прыехаў на святочны вечар тэатр моды “ШармАн” з Мінска.

– Прыгожы, урачысты вечар атрымаўся, – падзяліліся яго ўдзельніцы Антаніна і Ала. – Добра, што адрадзіліся такія традыцыі арганізоўваць балі. Прыемна, што так гасцінна нас прымаюць, ацанілі нашы выступленні. Бачым, што людзі радыя, а мы ад гэтага натхняемся.

На працягу ўсяго вечара члены журы пільна назіралі за ўсімі ўдзельнікамі і напрыканцы выбралі і ўзнагародзілі пераможцаў у намінацыях “Каралева балю”, “Прынцэсы балю”, “Кавалер балю”, “Лепшыя танцуючыя пары”, “Вернасць балю”, “Самая вясёлая дзяўчына”.

Першы зімовы баль у Дзятлаве атрымаўся яркім, запамінальным, незабыўным, напоўненым цудоўнымі момантамі і ўражаннямі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации