Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22.09.2017 года №345 “Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання” ўстаноўлены льготы для індывідуальных прадпрымальнікаў.
Указ №345 часовы, ён дзейнічае з 1 студзеня 2018 года па 31 студзеня 2022 года. Указам прадугледжаны шэраг ільгот у падаткаабкладанні для індывідуальных прадпрымальнікаў.
Пры ажыццяўленні на тэрыторыі сельскай мясцовасці:
рознічнага гандлю ў гандлёвых аб’ектах;
рознічнага гандлю на гандлёвых месцах на рынках;
рознічнага гандлю на кірмашах;
грамадскага харчавання ў аб’ектах грамадскага харчавання;
аказання бытавых паслуг.
Пры ажыццяўленні на тэрыторыі малых гарадскіх паселішчаў:
грамадскага харчавання ў аб’ектах грамадскага харчавання;
аказання бытавых паслуг.
Пералікі населеных пунктаў і тэрыторый па-за населенымі пунктамі, якія адносяцца да тэрыторыі сельскай мясцовасці, і пералікі малых гарадскіх паселішчаў для мэтаў прымянення льгот вызначаны на тэрыторыі Гродзенскай вобласці такія пералікі ўстаноўлены рашэннем Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў ад 20.11.2017 года №296 “Аб мерах па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 верасня 2017 года №345”
Ільготы
Пры ажыццяўленні вышэйназваных відаў дзейнасці ўстаноўлены наступныя льготы:
для плацельшчыкаў падатку на дабаўлены кошт (ПДК) – абароты па рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), якія ўзнікаюць на названых тэрыторыях, вызваляюцца ад ПДК;
для плацельшчыкаў падаходнага падатку, у якіх даходы ад дзейнасці на названых тэрыторыях, паменшаныя на суму падатковых вылікаў, якія прымяняюцца паслядоўна ў адпаведнасці з артыкуламі 168, 164-166 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, абкладаюцца падаходным падаткам з фізічных асобаў па стаўцы 6%;
для плацельшчыкаў адзінага падатку, якія ажыццяўляюць дзейнасць на названых тэрыторыях, якая прызнаецца аб’ектам падаткаабкладання адзіным падаткам, падатак складзе адну базавую велічыню за месяц. Пры гэтым выручка ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) пры ажыццяўленні дзейнасці на адпаведных тэрыторыях вызваляецца ад даплаты адзінага падатку, прадугледжанай пунктам 9 артыкула 299 Падатковага кодэкса.
Ільготы могуць прымяняцца пры ўмове вядзення ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку паасобнага ўліку абаротаў (выручкі, даходаў) па (ад) рэалізацыі тавараў (работ, паслуг).
Дзеянне Указа не распаўсюджваецца на:
рознічны гандаль аўтамабільным палівам (дызельным палівам, аўтамабільным бензінам, газам, які выкарыстоўваецца ў якасці аўтамабільнага паліва);
рознічны гандаль механічнымі транспартнымі сродкамі, самаходнымі машынамі, прычэпамі (паўпрычэпамі, прычэпамі-роспускамі);
рознічны гандаль ювелірнымі і іншымі бытавымі вырабамі з каштоўных металаў і каштоўных камянёў;
аказанне бытавых паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтатранспартных сродкаў.
Іван ГІРЫК,
намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах
Рэспублікі Беларусь па Навагрудскім раёне