28 красавіка ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы “Прыгажосць зямлі роднай” нашага земляка – народнага майстра з аграгарадка Дварэц Аркадзя Сокала.
Аркадзь Мяфодзьевіч шмат гадоў займаецца жывапісам, піраграфіяй, разьбой па дрэве і стварае сапраўдныя шэдэўры, многія з якіх прысвечаны дзятлаўскай зямлі. Ужо амаль паўстагоддзя на творчым шляху яго падтрымлівае жонка Раіса Міхайлаўна, якая і з’яўляецца лепшым гідам па выставах майстра. Паколькі абое яны педагогі на пенсіі, то сярод гасцей урачыстасці былі былыя калегі – ветэраны педагагічнай працы, у тым ліку прысутнічалі старшыня раённай галіновай ветэранскай арганізацыі Раіса Ганчарэвіч і яе намесніца Яўгенія Савань, былі мясцовыя краязнаўцы, музейныя работнікі і дзятлаўчане, якія ўмеюць цаніць прыгажосць.
Гасцей павітала дырэктар музея Вольга Цюшляева:
– Штогод у гэтай выставачнай зале мы прадстаўляем нашых таленавітых землякоў і іх работы. У Год міру і стварэння экспануюцца творы Аркадзя Сокала. Свае работы майстар стварае для сябе, блізкіх, сяброў. Ён цудоўны чалавек, уважлівы мастак, які паказвае людзям прыгажосць навакольнага свету. Многія яго творы адлюстроўваюць асабістыя захапленні – рыбалку, паляванне, збор дароў лесу, цыклы работ прысвечаны тэме духоўнага адраджэння, малой радзіме.
Аркадзь Сокал падзякаваў прысутным за цёплую сустрэчу, на якую прыйшло шмат яго добрых сяброў, людзей, з якімі ў свой час працавалі на ніве адукацыі раёна. Узгадаў ён школьныя будні, поспехі сваіх вучняў, у тым ліку ў выяўленчым мастацтве, свае творчыя вехі, расказаў, як стварае разбяныя і мастацкія шэдэўры, не забыўся і пра планы-задумкі, бо ў бліжэйшы час мяркуе больш звяртацца да гістарычнай спадчыны дзятлаўскай старонкі.
Дарэчы, сярод экспанатаў можна было пабачыць і “думкі майстра” – графічныя выявы будучых работ.
Цікавую экскурсію-прэзентацыю па выставе мужа правяла Раіса Сокал. Спынілася не толькі на любімых сюжэтах мастака, але і расказала пра яго звычкі, узгадала гісторыі стварэння некаторых карцін, іх назваў. Асаблівасць аповеду Раісы Міхайлаўны – багацце вершаў розных аўтараў, якія яна выкарыстоўвае для прэзентацыі твораў мужа, каб абудзіць у душах слухачоў глыбокія і багатыя пачуцці, выклікаць “букет” эмоцый.
Маляўнічыя пейзажы роднай прыроды, вясковыя вуліцы і хаты, палявыя кветкі з беларускіх лугоў і палёў, прыгожыя нацюрморты з кошыкамі грыбоў, разбяныя выявы на тэму палявання і рыбалкі, іконы, храмы – тэматыка твораў самая розная. Аднак іх аб’ядноўвае багацце колераў і свету, празрыстасць, чысціня, лёгкасць кожнага мазка. Гэта варта ўбачыць на ўласныя вочы, душой дакрануцца да мараў і пачуццяў майстра, яго ўнутранага свету, які адбіваецца ў кожнай карціне і выяве, як у люстэрку.
Пасля прэзентацыі землякі і сябры павіншавалі Аркадзя Мяфодзьевіча з яго першай персанальнай выставай, падарылі яму кветкі і сувеніры на памяць. Прагучала шмат цёплых і шчырых словаў. Галоўнае, чаго зычылі, – прадаўжаць ствараць і праслаўляць родную Дзятлаўшчыну.
Выстава Аркадзя Сокала будзе дзейнічаць у музеі да сярэдзіны ліпеня, наведаць яе могуць усе жадаючыя.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
Рэгістрацыя дзяржмаёмасці, завяршэнне капітальных рамонтаў, Адзіны дзень бяспекі, дзейнасць гандлёвых аб’ектаў – на гэтыя і…
На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэалізацыя абласнога праекта “Чырвоная зорка героя”, які аб’яднаў абласную арганізацыю РГА “Белая…
Президент Беларуси Александр Лукашенко вручил государственные награды заслуженным представителям различных сфер. Торжественная церемония организована в…
З 14 па 20 верасня Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы ў адносінах перавозак пасажыраў маршрутнымі транспартнымі…
Для кожнага мужчыны надыходзіць момант, калі трэба рабіць выбар, ад якога будзе залежаць далейшае жыццё,…
У Дзятлаўскім раёне завяршыўся цыкл мерапрыемстваў тэматычнага тыдня “Моладзевы пульс: БРПА + БРСМ на Дзятлаўшчыне”.…