У Дзятлаўскім раённым аддзеле Дэпартамента аховы адбылася адметная падзея: ва ўрачыстай абстаноўцы супрацоўнікі праводзілі на заслужаны адпачынак міліцыянера ўзвода міліцыі Аляксея Сілава.

За шматгадовую паспяховую службу, ахову закона і грамадскага правапарадку яму падзякаваў начальнік аддзела Дзяніс Грынцэвіч. Ён пажадаў Аляксею Фёдаравічу здароўя, бадзёрасці духу, сямейнага дабрабыту і поспехаў на новым этапе жыцця.

Аляксей Сілаў прайшоў доўгі службовы шлях, на якім сустракаліся і складаныя заданні, і цяжкасці, але заўжды было радасна адчуваць побач надзейнае плячо сяброў і саслужыўцаў. Менавіта гэта адчуванне стабільнасці, згуртаванасці, узаемадапамогі трымала ў няпростай прафесіі.

Нарадзіўся Аляксей у далёкім пасёлку Сцяпанаўшчына, што ва Уладзімірскай вобласці Расійскай Федэрацыі, але ў хуткім часе сям’я пераехала ў Беларусь, у горад Дзятлава, менавіта тут ён вырас, скончыў школу. У райцэнтры жыла родная цётка Аляксея, якая працавала ў службе аховы, і хлопчык даволі часта прыбягаў да яе, назіраў за работай супрацоўнікаў. Канчаткова з выбарам будучай прафесіі вызначыўся ў арміі, калі служыў у пасёлку Станькава ў асобным інжынерным батальёне спецыяльнага мініравання. Праўда, калі вярнуўся, уладкавацца ў аддзел удалося не адразу, бо не аказалася свабодных вакансій. Аднак ужо праз год Аляксей Фёдаравіч надзеў форму з сімволікай Дэпартамента аховы. Пачынаў з пасады міліцыянера-кінолага, якой аддаў дваццаць адзін год. За гэты час у яго змяніліся тры службовыя сабакі, і кожны з іх, нягледзячы на адрозненні ў характарах, быў надзейным сябрам і памочнікам.

Службу ў аддзеле Аляксей Сілаў лічыць сапраўднай школай жыцця, якая загартавала яго характар, навучыла дысцыплінаванасці, стрыманасці, адказнасці за свае ўчынкі. Аднак галоўнае – “падарыла” яму надзейных сяброў. У групе затрымання Аляксею Фёдаравічу пашчасціла працаваць разам з Валянцінам Пачабытам і Дзмітрыем Харошкам, які ў далейшым узначальваў аддзел. Абодва яны ўжо на заслужаным адпачынку, аднак падтрымліваюць цёплыя сяброўскія адносіны з былымі калегамі. Увогуле “са старой гвардыі”, як называе сваіх саслужыўцаў са стажам Аляксей Сілаў, у аддзеле яшчэ працуюць Віталій Мазюк і Андрэй Берасневіч, актыўна службовую эстафету ў старэйшых работнікаў прымае моладзь.

Вось і цяпер, як расказалі ў кадравай службе аддзела, сюды на работу чакаюць юнакоў ва ўзросце да 28 гадоў, годных да службы ў міліцыі: для іх ёсць вакансіі міліцыянера ўзвода міліцыі, міліцыянера-вадзіцеля групы затрымання, міліцыянера-кінолага. Высокая заработная плата, дружны калектыў і іншыя “бонусы”, прадугледжаныя заканадаўствам, гарантуюцца.

Наперадзе Аляксея Сілава чакае новы этап жыцця, і ў будучыню наш зямляк глядзіць з аптымізмам. Ён упэўнены, што больш часу зможа праводзіць з сям’ёй: жонкай Аксанай Аляксандраўнай, сынамі Паўлам і Раманам. Раней з-за занятасці (жонка таксама працуе пазменна, на “хуткай дапамозе”) родныя не так часта маглі збірацца разам. Больш Аляксей Фёдаравіч будзе займацца і сваімі любімымі справамі – даглядаць дом і ўчастак. У перспектыве ён плануе змяніць род дзейнасці: знайсці новую работу, паспрабаваць сябе на іншай пасадзе.

Саслужыўцы на развітанне пажадалі Аляксею Сілаву, каб усе мары, спадзяванні і жыццёвыя планы ў яго спраўдзіліся, а ён ім – шчаслівай службы, моцнага здароўя, цярпення, спакойных будняў і менш складаных сітуацый.

Ірына СТЫРНІК      

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации