Ён верыў, што вернецца жывым у свой пасёлак пад стромкімі соснамі і сустрэнецца з сябрамі на цяністых вуліцах Наваельні, назаўсёды пакінуўшы ў мінулым распаленыя сонцам дарогі Афганістана, саракаградусную спёку і посвіст куляў ля віска.
Аднак 19 сакавіка 1982 года яго сэрца перастала біцца з-за цяжкага ранення, атрыманага пры выкананні адказнага баявога задання.
З той пары мінула 40 гадоў, але ў пасёлку і Новаяльнянскай сярэдняй школе, дзе вучыўся Саша Шылаў, засталіся людзі, якія памятаюць яго маладым хлопцам з адкрытай душой, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу слабейшаму, адстойваць праўду, ні секунды не вагаючыся над прыняццем важных рашэнняў.
Памяць пра Аляксандра Шылава, гісторыю яго жыцця, успаміны сяброў і блізкіх, старыя чорна-белыя фотаздымкі, з якіх ён усміхаецца вечна юны, беражліва захоўвае класны кіраўнік воіна-афганца, яна ж кіраўнік школьнага музея “Дзеці ліхалецця”, Тамара Крывеня. З лёгкай рукі Тамары Уладзіміраўны рыхтуюцца новыя музейныя экспазіцыі “Афганская вайна – жывая памяць”, “Афганістан. Мужнасць і гераізм”, якія закліканы расказаць падрастаючаму пакаленню і нагадаць нам, дарослым, пра часам недаацэненыя подзвігі савецкіх хлопцаў, якім давялося служыць пад чужым небам, выконваючы свой інтэрнацыянальны воінскі абавязак.
Дык хто ён, новаяльнянец, які два месяцы не дажыў да свайго дваццацігоддзя, абараняючы мір для афганскага народа?
Нарадзіўся Саша 22 мая 1962 года ў Валагодскай вобласці, у сям’і рабочых – беларускі Веры Сцяпанаўны і рускага Сяргея Іванавіча Шылавых. Ужо ў 1963-м сям’я вярнулася ў Беларусь, у гарадскі пасёлак Наваельня. Тут у 1969 годзе маленькі Саша пайшоў у першы клас, у 5-м хлопчык трапіў “пад крыло” тады яшчэ маладой настаўніцы Тамары Крывеня. Класны кіраўнік вельмі хутка заўважыла ў падлетку задаткі сапраўднага лідара. У 7 класе Саша, які вучыўся пасрэдна, але заўсёды быў цэнтрам прыцягнення для аднакласнікаў і нязменна перамагаў у спартыўных гульнях і спаборніцтвах, стаў старастам. З 13 гадоў кожныя летнія канікулы ён працаваў на будоўлі, каб дапамагаць сям’і і забяспечыць сябе і малодшага брата Сяргея абноўкамі да новага навучальнага года. Пасля 9 класа Аляксандр паступіў у Навагрудскае сельскагаспадарчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, па заканчэнні яго працаваў трактарыстам у калгасе “Беларусь” (вёска Таркачы). Падыходзіў час службы ў арміі, і юнак перайшоў на работу ў Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў, дзе апаратчыцай працавала матуля.
Як успамінае Тамара Крывеня, тады Аляксандр прадаўжаў заняткі спортам і хацеў хутчэй атрымаць павестку. Служба ў арміі ў тагачасных юнакоў вельмі цанілася як “школа для сапраўдных мужчын” – абаронцаў Радзімы, землякоў, уласнай сям’і. Саша марыў служыць на флоце, таму імкнуўся атрымаць добрую фізічную загартоўку, якая пазней сапраўды дапамагла ў час службы і наклала свой адбітак на фарміраванне моцнага характару: юнак рос валявым, рашучым, адважным.
10 кастрычніка 1980 года Аляксандр Шылаў Дзятлаўскім раённым ваенным камісарыятам быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Пачынаў службу ў Туркменскай ваеннай акрузе, дзе трапіў у школу па падрыхтоўцы стралкоў. У студзені 1982 года ў званні малодшага сяржанта быў накіраваны ў зону ваеннага канфлікту ў Афганістане – правінцыю Герат, там быў прызначаны камандзірам аддзялення 8 мотастралковай роты.
З далёкай спякотнай афганскай зямлі на Дзятлаўшчыну, як белыя птушкі, “паляцелі” лісты юнака. Ён пісаў матулі і сябрам. На жаль, ні адно пісьмо не захавалася, але іх змест практычна на памяць цытавалі блізкія людзі. Гучала прыкладна так: “Прывітанне, мама!
Служба ідзе нармальна. Хлопцы выдатныя. Шмат беларусаў. Усё добра, крыху дакучае нязвыклая спёка. На тэрмометры + 40. Не хапае вады. Ты не хвалюйся: усё будзе добра. Лепш напішы, як жывеш сама. Чакаю з нецярпеннем”.
Пасля таго, як Аляксандр загіне, сціплыя салдацкія канверты ў Веры Сцяпанаўны забярэ малодшы сын Сяргей, каб мама не плакала, не “рвала” сабе душу. Дзе цяпер гэта карэспандэнцыя, знішчана ці надзейна схавана, не ведае ніхто. Магчыма, час калі-небудзь адкрые нам і гэту таямніцу.
Аляксандр Шылаў служыў старанна. Вядома ж, з нецярпеннем, як і іншыя таварышы па зброі, чакаў дэмабілізацыі, але лёс распарадзіўся інакш.
18 сакавіка 1982 года пры выкананні адказнага баявога задання ён быў цяжка паранены, памёр ад ран на наступны дзень у шпіталі.
– Для жыхароў гарадскога пасёлка Наваельня, ды і Дзятлаўшчыны ў цэлым, гібель Сашы стала страшнай трагедыяй, сапраўдным шокам, – узгадвае Тамара Крывеня. – Ён быў першым у нашым раёне, хто вярнуўся на Радзіму ў цынкавай труне. Гэта была страшная вестка для дзятлаўчан, глыбока перажывалі яе нават тыя, хто ніколі не ведаў Сашу.
Аляксандра Шылава пахавалі на Новаяльнянскіх могілках. Над яго магілай узялі шэфства мясцовыя школьнікі. Рэгулярна дзеці наведваюць і яшчэ тры пахаваннях воінаў-афганцаў – Дзмітрыя Гранкоўскага, Аляксандра Слабко, Расціслава Каспяровіча. Гэтым салдатам Афганістана пашчасціла вярнуцца дахаты жывымі, але, на жаль, яны таксама ўжо адышлі ў вечнасць.
Пакуль жыве памяць, імёны людзей не губляюцца, а іх учынкі служаць нам прыкладам. Баявыя сябры Аляксандра Шылава, якія наведвалі Наваельню пасля яго гібелі, так характарызавалі нашага земляка: “Ён быў мужным, адважным, годна выконваў абавязак салдата, змагаўся самааддана, не задумваючыся, не шкадуючы сябе. Ім ганарыўся цэлы ўзвод”.
Вера Сцяпанаўна, пакуль была жывая, у сваім параненым мацярынскім сэрцы шчыра берагла памяць пра сына. Сімвалічна, што ў кнізе “Памяць. Дзятлаўскі раён” на старонцы 347 ёсць тэматычны артыкул “Кветкі для сына”, прысвечаны Веры Шылавай, дзе расказваецца, што кожны год каля свайго дома матуля высаджвала кветкі для Сашы, каб заўсёды было што занесці яму на магілу. Кветкі адначасова лячылі і бярэдзілі яе моцную душэўную рану.
Захаваліся і ўспаміны лепшага сябра і аднакласніка Аляксандра Максімчыка:
– Мы з Сашам сябравалі з дзяцінства. Абодва вучыліся пасрэдна, але ў час спартыўных спаборніцтваў былі ў першых радах. Ён любіў плаваць, цаніў спорт, захапляўся лёгкай атлетыкай, асабліва добра гуляў у валейбол, хутка бегаў, часта займаў прызавыя месцы
на спаборніцтвах. З настаўнікамі быў карэктны і справядлівы, ніколі не абражваў педагогаў, хаця быў вельмі настойлівы і заўжды мог адстаяць свой пункт гледжання. З 5 класа нашым класным кіраўніком была Тамара Крывеня. Яна як ніхто іншы разумела Сашу, і ён давяраў ёй самае патаемнае.
Як чалавек ён быў сумленным, добрым і справядлівым, ніколі не пакідаў сябра ў бядзе. Памятаю, як мы пайшлі ў школьны паход і я падвярнуў нагу. Ён тры гадзіны цягнуў мяне на сабе, а вечарам да адбою прасядзеў побач каля вогнішча, нягледзячы на тое, што аднакласнікі гулялі ў спартыўныя гульні.
Саша захапляўся калекцыяніраваннем марак і аднойчы падарыў мне самую прыгожую, нямецкую, яе я захоўваю і цяпер.
Калі трапіў у Афганістан, мой сябар пісаў мне, але часцей – матулі. У сваіх лістах ён не скардзіўся на цяжкасці, спадзяваўся вярнуцца жывым і чакаў дзембеля. Ніхто не мог сабе ўявіць, што замест вясёлага і жыццярадаснага чалавека на радзіму вернецца цынкавая труна з целам Сашы. І сёння ў маёй памяці той дзень: замяшальніцтва, слёзы, пустата.
Памяць пра Аляксандра Шылава надзейна захоўваюць і перадаюць дзецям яго землякі: да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у пасёлку праходзяць традыцыйныя сустрэчы, штогод у Новаяльнянскай сярэдняй школе да гэтай даты арганізуецца валейбольны турнір у гонар загінулага салдата. Імя воіна-афганца носіць школьная піянерская дружына.
Аляксандр Шылаў – дастойны сын сваёй Айчыны. За праяўленыя мужнасць і гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ён узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”, праз 6 гадоў пасля гібелі, 28 снежня 1988 года, адзначаны Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “За мужнасць і воінскую доблесць, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку”, яшчэ адна пасмяротная ўзнагарода – медаль “У памяць 10-годдзя вываду Савецкіх войск з Афганістана”.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі з музея “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga