Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”.
Дакумент накіраваны на ўдасканаленне рэгулявання дзейнасці ў сферы аграэкатурызму, павышэнне якасці паслуг, выключэнне магчымасці весці гасцінічны або рэстаранны бізнес пад выглядам аграэкасядзіб, абарону правоў грамадзян, якія пражываюць па суседстве з імі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Указам удакладнены патрабаванні да аб’ектаў аграэкатурызму. У прыватнасці, гэта датычыцца колькасці жылых пакояў для аграэкатурыстаў, іх павінна быць не больш за дзесяць. Ёсць таксама ўдакладненні па вядзенні асабістай падсобнай гаспадаркі і колькасці аказваемых у комплексе відаў паслуг – не менш як дзве.
Пералік паслуг дапоўнены правядзеннем майстар-класаў, накіраваных на азнаямленне наведвальнікаў з рамёствамі і нацыянальнымі традыцыямі рэгіёна.
Устаноўлена адказнасць уладальнікаў аграэкасядзіб за парушэнне (у тым ліку з боку наведвальнікаў) грамадскага парадку або спакою грамадзян, невыкананне заканадаўства ў сферы санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, прыродаахоўных, проціпажарных патрабаванняў.
Уведзены абмежаванні па правядзенні прэзентацый, юбілеяў, банкетаў, іншых мерапрыемстваў у непасрэднай блізкасці ад суседніх жылых дамоў.
Устаноўлена неабходнасць атрымання ў райвыканкамах дазволу на вядзенне дзейнасці ў сферы аграэкатурызму. Дзеючыя аграэкасядзібы павінны атрымаць такі дазвол да 1 ліпеня 2023 года.
Па выніках нарады Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета Міністраў 9 верасня 2022 года ў мэтах стварэння дадатковых умоў для развіцця аграэкатурызму ў глыбінцы аблвыканкамы надзелены правам вызначаць пералікі населеных пунктаў, на тэрыторыі якіх размяшчэнне аграэкасядзіб не дапускаецца. Разам з тым прадугледжана магчымасць прадаўжэння работы існуючых аграэкасядзіб на такіх тэрыторыях пры ўмове выканання іншых патрабаванняў указа.
БелТА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga