Санаторый “Беларусь” у літоўскім Друскінінкаі вядомы тым, што галоўныя яго пацыенты – гэта дзеці з абмежаванымі магчымасцямі.

Аздараўленчую ўстанову сярод іншых пацыентаў па спецыяльных сацыяльных пуцёўках не раз наведвала і сям’я Івашэвічаў з Дзятлава.

Чатыры гады запар Івашэвічы ездзілі на аздараўленне ў “Беларусь”. Тут іх дзеці Інэса і Ігнат праходзілі асаблівыя, патрэбныя для іх працэдуры, каб падтрымаць сваё здароўе на год да наступнага візіту. Акрамя традыцыйных працэдур, якія атрымлівалі там у вялікім аб’ёме (гэта масаж, лячэбная фізкультура, электра- і лазерная тэрапія, эфектыўныя разнастайныя водныя працэдуры), былі незвычайныя, якіх практычна не знойдзеш у Беларусі, – гэта ўкутванне, рэфлексатэрапія, іголкаўколванне, рэдкорд. Якаснае медыцынскае абслугоўванне дапаўнялі зручнае безбар’ернае асяроддзе, цікавая забаўляльная праграма, мерапрыемствы ў горадзе, якія можна было наведваць усёй сям’ёй, нават з асаблівымі дзецьмі. Ад такіх паездак дзеці атрымлівалі аздараўленне і добры настрой, а іх бацькі – аддушыну і адпачынак ад штодзённай нагрузкі. Некалькі разоў санаторый наведваў старэйшы сын Івашэвічаў Данііл у саставе групы дзяцей, а летась збіраўся ехаць у Літву разам з сям’ёй. Аднак у гэтым годзе Івашэвічы разам з іншымі беларусамі страцілі гэты шанс. Санаторый трапіў пад фінансавыя санкцыі, а цяжкахворым дзецям адмовілі ў яго наведванні.

– Эмоцыі перапаўняюць. Шкадаванне і неразуменне, за што з намі так? – толькі разводзіць плячыма Ала Анатольеўна. – Такія ўмовы рэабілітацыі і адпачынку для дзяцей цяжка або ўвогуле немагчыма будзе адшукаць у іншым месцы. Летась мы ўжо атрымалі пуцёўкі ў “Беларусь”, радаваліся, чакалі гэтай падзеі. А пасля даведаліся, што не едзем. Іначай як несправядлівасцю ў адносінах да дзяцей гэта складана назваць.

Ала і Сяргей Івашэвічы – шматдзетныя бацькі. Іх старэйшы сын Данііл ужо амаль старшакласнік, малодшыя Інэса і Ігнат асаблівыя: яны нарадзіліся са страшнай хваробай – дзіцячым цэрабральным паралічом. Ад самага нараджэння двайнят іх бацькі, пазітыўныя і адважныя людзі, вядуць барацьбу з хваробай.

Дзеці вучацца ў агульнаадукацыйнай сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава, у інтэграваным 6 класе, наведваюць гурткі па інтарэсах. Адзінае адрозненне ад іншых школьнікаў, што фізкультура для іх праводзіцца асобна, акрамя таго, з дзецьмі дадаткова працуюць два памочнікі выхавальніка. Мама, Ала Анатольеўна, выкладае ў гэтай школе выяўленчае мастацтва, так яна ўвесь час можа быць побач з дзецьмі.

Штодня Ала і Сяргей Івашэвічы змагаюцца за здароўе сваіх дзетак. Калі ў большасці школьнікаў раніца пачынаецца са звычайных гігіенічных працэдур, для Івашэвічаў – з фізкультурных і апорных практыкаванняў, масажу, расцяжкі, укладвання пад прэс. Без гэтага немагчыма запусціць у работу мышцы і пачаць дзень. І так кожны дзень. Нягледзячы на складанасці, Івашэвічы заўжды ідуць у школу з пазітыўным настроем.

І нават у сённяшняй няпростай сітуацыі Ала Анатольеўна не губляе надзеі:

– Нам прапанавалі альтэрнатыву – санаторый “Парэчча” ў Беларусі, які мы наведалі. Але там няма такіх важных для нашых дзетак працэдур. Спадзяёмся, сітуацыя выправіцца, і мы зноў зможам наведваць “Беларусь”, як і раней.

Наталля АВЯРЧУК
Фота з сямейнага архіву Івашэвічаў

Похожие публикации