Аляксандр Лукашэнка 24 снежня прыняў удзел у правядзенні традыцыйнага навагодняга балю. У Зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці сабраліся прадстаўнікі таленавітай моладзі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Прэзідэнт адзначыў, што сярод удзельнікаў ёсць людзі розных узростаў, статусаў, пасад, таму моладзі важна адчуць дух укладу беларускага грамадства, дзе ўсе роўныя ў сваіх магчымасцях, а змена пакаленняў будуецца на павазе гістарычных дасягненняў народа і абавязкова на пераемнасці.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта з такой галоўнай ідэяй ён некалі прыйшоў у вялікую палітыку – захаваць пераемнасць. “Была ўнутраная ўпэўненасць у значнасці гэтага курса, і быў запыт грамадства. Таму была падтрымка з боку народа, – сказаў ён. – Таму што кожны разважлівы грамадзянін разумеў простую ісціну: нам, беларусам, як мінімум не трэба змагацца за права будаваць сваю дзяржаву, аднак варта толькі забыць ці здрадзіць тым, хто прайшоў гэты шлях – і давядзецца пачынаць спачатку. І што самае страшнае (сёння вы гэта ўжо бачыце), магчыма, давядзецца пачынаць спачатку са зброяй у руках. Вось такая праўда жыцця і філасофія поспеху: хочаш узняцца яшчэ вышэй – не ламай выбудаваную да цябе пакаленнямі апору. Абапірайся на яе і ідзі наперад”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Наколькі важна, каб захоўвалася пераемнасць, паразважала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, дэлегат УНС Таццяна Нікіпорчык:

– Часта на дыялогавых пляцоўках і інфармацыйных сустрэчах я кажу прысутным, наколькі важна, што ў нашай краіне перагледжаны некаторыя патрабаванні Выбарчага заканадаўства, у тым ліку, што кандыдатам у Прэзідэнты можа з’яўляцца беларус па нараджэнні, які жыве на тэрыторыі дзяржавы і па ўзросце не малодшы за 40 гадоў. Чаму мае значэнне ўзрост? Таму, што ў такога чалавека, верагодней за ўсё, ужо ёсць сталы светапогляд, у яго сям’я, дзеці, значыць, ёсць каго любіць, абараняць, для каго будаваць моцную і шчаслівую краіну.

Мая асноўная работа цесна звязана з людзьмі пажылога ўзросту. Я часта чую іх аповеды, выказванні аб тым, як ім шкада, што чагосьці не паспелі ў сваім жыцці або не спраўдзілі запаветную мару. Безумоўна, пры гэтым яны спадзяюцца, што іх справы прадоўжаць дзеці і ўнукі, што яны будуць больш паспяховымі і шчаслівымі, разам з тым будуць цаніць усё тое, што было важным і дарагім для папярэдняга пакалення. 

Упэўнена, што ў кожнай сям’і павінна захоўвацца пераемнасць пакаленняў. Дарагога каштуе, калі бацькі адчуваюць, што іх справы і запаветы будуць прадоўжаны дзецьмі, а дзеці разумеюць, што іх мамы і таты шмат стараліся для іх будучыні, ахвяруючы сваім часам, дзесьці нават інтарэсамі. З гэтай пазіцыі сумніўным шляхам ідуць заходнія краіны, дзе ўсё больш уваходзяць у моду сем’і без дзяцей, жаданне “пажыць для сябе”. Што чакае такіх людзей праз некалькі дзясяткаў гадоў, у старасці, а таксама што чакае іх краіны, дзе ідзе старэнне насельніцтва, не захоўваюцца фундаментальныя каштоўнасці?

Сувязь паміж пакаленнямі павінна існаваць. Да моладзі мы абавязаны даносіць, што мір, згода, нацыянальныя каштоўнасці –гэта тое, што нас аб’ядноўвае і гарантуе ўпэўненасць у заўтрашнім дні. На мерапрыемствы, якія праводзіць наш Цэнтр, мы стараемся як мага часцей запрашаць моладзь, каб яна вучылася паважаць, цаніць, чуць пажылых людзей, клапаціцца пра іх.

Нездарма існуе мудрае выказванне, з якім я поўнасцю згодна і якое часта ўзгадваю: “Каб ствараць будучыню, трэба навучыцца паважаць мінулае”. Усё напрацаванае папярэднімі пакаленнямі – той надзейны падмурак, на якім будуецца, ад якога адштурхоўваецца любая справа і ідэя. Не менш важна, каб на Зямлі захоўваўся мір, каб мы жылі, а не выжывалі. Будучым пакаленням мы павінны часцей гаварыць аб важнасці падтрымання згоды, здароўя, экалогіі, іншых асабістых і чалавечых каштоўнасцяў, на якіх трымаецца ўсё ў жыцці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Предыдущая новость

Следующая новость

Похожие публикации