Чарговая тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным адбылася 20 сакавіка.
Доўжылася яна каля гадзіны. Абмяркоўваліся пытанні саюзнага будаўніцтва, у тым ліку па выніках нядаўняга афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Расію. У цэнтры ўвагі была тэма еўразійскай інтэграцыі, работа ў межах беларускага старшынства ў ЕАЭС у гэтым годзе. Абмеркавалі графік кантактаў і сумесных мерапрыемстваў. Сярод іх міжнародны форум, што плануецца ў красавіку ў Валгаградзе да 80-годдзя Вялікай Перамогі і пройдзе пад эгідай Парламенцкага сходу. На канец чэрвеня запланаваны саміт ЕАЭС у Мінску. Прэзідэнт Расіі праінфармаваў беларускага калегу і аб падрабязнасцях нядаўняй размовы з Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Сваім меркаваннем наконт важнасці беларуска-расійскага супрацоўніцтва падзялілася начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова:
– Аляксандр Рыгоравіч невыпадкова пасля выбараў першы візіт ажыццявіў у Расійскую Федэрацыю. Як правіла, для падобнай сустрэчы вызначаецца дзяржава, з якой наладжаны цесныя ўзаемаадносіны. Сам беларускі лідар у час перагавораў зазначыў: “Я доўга думаў аб тым, што можна сказаць пра нашы адносіны. Яны сапраўды выйшлі на вельмі высокі ўзровень. Мы ствараем унікальнае аб’яднанне ў выглядзе Саюзнай дзяржавы, прыкладаў якому не было ў гісторыі. Ідзём непратораным шляхам. Гэта ўсё няпроста. Але ў нас ёсць добрае люстэрка, дзе бачым нашы крокі. І гэта эканоміка, гандлёва-эканамічныя адносіны. І кожны год пры ўсіх праблемах мы прырастаем”.
Сапраўды, як у палітычным плане мы здолелі знайсці аптымальную мадэль узаемадзеяння, якая дазваляе захоўваць нацыянальныя інтарэсы і ўзгадняць праграму дзеянняў на міжнароднай арэне, так і ў эканамічным плане нашы краіны ўзаемадзейнічаюць у сферы энергетыкі, транспартнай, прамысловай кааперацыі, рэалізуюць сумесныя праекты па выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі. Акрамя таго, Беларусь і Расія ўдзельнічаюць у іншых інтэграцыйных праектах на постсавецкай прасторы. Найбольш значны з іх – Еўразійскі эканамічны саюз. Ён дазваляе свабодна перамяшчаць жыццёва неабходныя тавары, сумесна вырашаць пытанні нацыянальнай бяспекі.
Адным словам, перад знешнімі выклікамі і пагрозамі нашы дзяржавы вучацца не канкурыраваць, як таму хітра вучаць сорасаўскія падручнікі па эканоміцы, а дапаўняць адна адну на аснове прамыслова-тэхналагічнай кааперацыі і фарміравання міждзяржаўных ланцужкоў стварэння цэнаў з далучэннем да іх іншых дружалюбных краін.
Наперадзе – сумеснае святкаванне 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Беларусы разам з іншымі былымі савецкімі народамі ўнеслі неацэнны ўклад у разгром германскага фашызму, беражліва захоўваюць і памнажаюць гістарычную памяць аб вайне. У нас ёсць агульнае мінулае, каштоўнасці, інтарэсы – гэта ўзаемавыгаднае і ўзаемапаважлівае супрацоўніцтва, заснаванае на надзейным гістарычным падмурку.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашалепшае #нашелучшее