На Гродзеншчыне прайшоў ІІ форум сельскай моладзі, удзел у якім прымалі дзятлаўчане.
Уражаннямі падзялілася дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, дэпутат Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, член Гродзенскай абласной асацыяцыі моладзевых Саветаў, актывістка грамадскіх аб’яднанняў, партыі “Белая Русь”, дэлегат УНС Марына Нячай:

– Ад Дзятлаўшчыны, як і летась, я ўдзельнічала ў форуме як прадстаўнік працоўнай моладзі. У час пасяджэння абмеркавалі праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ірына Сцепаненка звярнула нашу ўвагу на прыярытэтныя напрамкі праграмы, зрабіла акцэнт на выхаванні патрыятызму ў падрастаючага пакалення. Не засталіся ўбаку і магчымасці рэалізацыі маладых людзей у сельскай мясцовасці. Як мы пабачылі, на сяле ёсць больш шанцаў, што патэнцыял маладога спецыяліста будзе раскрыты, у невялікіх населеных пунктах ёсць магчымасці паспрабаваць сябе ў ролі кіраўніка. Абмеркавалі тэму настаўніцтва, калі за кожным маладым чалавекам замацоўваецца вопытны калега. Заўважу, што для Дзятлаўшчыны такая практыка таксама характэрна.
Другая частка форуму праходзіла ў Зэльвенскім раёне, дзе мы наведалі аграгарадок Галынка, пазнаёміліся з кіраўніцтвам раёна і маладым намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Галынка” Ільёй Яфімавым. Малады чалавек правёў экскурсію па аграгарадку, расказаў, чым займаецца моладзь у вольны час, пазнаёміў нас і з дасягненнямі сельгаспрадпрыемства. Як было адзначана, гаспадарка з’яўляецца адной з буйнейшых на Зэльвеншчыне і займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне.
Шчырасць, гасціннасць, захаванне нацыянальных традыцый – характэрныя рысы беларускага народа. Зэльвенская моладзь прадэманстравала іх у час форуму. Мы наведалі музей сельскага быту ў аграгарадку Галынка, успомнілі сваіх бабуль, якія беражліва захоўвалі і захоўваюць спадчыну для наступных пакаленняў. Незабыўна правялі час пад беларускія народныя і сучасныя песні.
Лейтматывам сустрэчы на зэльвенскай зямлі стала выказванне: “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”. Цалкам з ім згодная і лічу, што такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць моладзь, даюць магчымасць удзельнікам адчуць сябе часткай адной вялікай згуртаванай сям’і, натхняюць аднадумцаў, а таксама заклікаюць задумацца: а што я магу зрабіць для свайго горада, раёна, вобласці ці рэспублікі?
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ВНС