Ніколі не старэюць тэмы сям’і, сямейных каштоўнасцяў, выхавання падрастаючага пакалення.
Сваім меркаваннем, якім яна бачыць адказнае бацькоўства і як выгадаваць шчаслівага чалавека, падзялілася дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч:
– У прафесійнай дзейнасці наша ўстанова заўжды стаіць на варце дзяцінства і абараняе правы непаўналетніх. Кожны дзень спецыялісты цэнтра ажыццяўляюць дзейнасць па фарміраванні ў бацькоў адказнасці за жыццё і выхаванне дзяцей. Часам, каб быць шчаслівымі, дзецям неабходна проста задавальняць базавыя патрэбы: каб дома была ежа, адзенне па сезоне, цацкі на іх узрост і, безумоўна, каб яны адчувалі сябе ў бяспецы, каб іх любілі бацькі.
Пры паступленні хлопчыкаў і дзяўчынак у сацыяльны прытулак нашага цэнтра перад намі стаіць самая складаная задача – стварыць спрыяльныя ўмовы для іх такім чынам, каб знаходжанне тут не нанесла вялікай псіхалагічнай траўмы. Калі ў працэсе работы чуем, што ў прытулку падабаецца – гэта лепшая ўзнагарода для нас.
Як выгадаваць дзіця шчаслівым? Адназначнага адказу на гэта пытанне няма, бо ў кожнага чалавека сваё ўяўленне аб шчасці. Для дзяцей, з якімі мы працуем, – гэта сям’я. Галоўнае жаданне, якое яны загадваюць Дзеду Марозу на Новы год у прытулку – вярнуцца дахаты.
Зрабіць дзіця шчаслівым намнога лягчэй, чым дарослага, бо дзіцячае адчуванне радасці не залежыць ні ад матэрыяльных, ні ад іншых знешніх умоваў.
Да асноўных задач адказнага бацькоўства і крокаў на шляху да шчасця дзіцяці можна аднесці захаванне жыцця і здароўя непаўналетняга, яго матэрыяльнага дабрабыту ў плане забеспячэння харчаваннем, адзеннем, дастойнай адукацыяй. Не менш важным фактарам з’яўляецца імкненне бацькоў знаходзіць магчымасці для сумеснага баўлення часу і даверлівых размоваў са сваімі дзецьмі. На жаль, гэту задачу дарослыя звычайна называюць у апошнюю чаргу, лічаць, што забяспечваючы сыноў і дачок матэрыяльна, яны ўжо выконваюць сваю бацькоўскую функцыю. У ход ідуць тлумачэнні, абгрунтаваныя тым, што шмат часу даводзіцца праводзіць на рабоце, каб забяспечыць дастойнае жыццё дзецям, а на сямейныя размовы ці вандроўкі не застаецца сіл. Аднак варта ведаць, што гэта надзвычай важны складальнік адказнага бацькоўства, бо, бывае, для дзіцяці сумесны паход у кіно нашмат важнейшы за пакупку новай цацкі. У падлеткавым узросце, аддаляючыся ад сям’і і пагружаючыся ў свае субкультуры, дзеці потым выказваюць крыўду на бацькоў, што “яны толькі працавалі, а побач ніколі не былі, а цяпер ужо не патрэбныя”.
Як бачым, каб выгадаваць дзіця шчаслівым, патрэбна не вельмі шмат: проста знаходзіць час, каб даць яму адчуць сябе патрэбным і любімым. Таму штодзень кажыце дзіцяці, што любіце яго, што вам з ім цікава, толькі рабіце гэта шчыра, у пазітыўным настроі, каб дзеці не “счытвалі”, што кажаце адно, а адчуваеце іншае. Таксама важна, як пісала вядомы дзіцячы псіхолаг Юлія Гіпенрэйтар, абдымаць дзяцей не менш за восем разоў на дзень. Калі ўсё гэта рабіць, сыны і дочкі вырастуць не толькі шчаслівымі, але і паспяховымі людзьмі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga