У Беларусі зменены падыходы да разліку платы за цеплазабеспячэнне, гарачае водазабеспячэнне, падагрэў вады і газазабеспячэнне для грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы.

Каго з дзятлаўчан гэта закране, расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня камісіі райвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Аляксандр Бараноўскі:

– Дзятлаўчане могуць звяртацца ў нашу камісію, каб пацвердзіць сваё працаўладкаванне або атрымаць падтрымку ў пошуках работы. У банку вакансій Дзятлаўскага раёна 640 прапаноў, у тым ліку 404 – па рабочых прафесіях, таму працаўладкавацца можа кожны жадаючы. На жаль, сярод нашых землякоў ёсць тыя, чые імёны занесены ў рэспубліканскі банк даных не занятых у эканоміцы. Менавіта іх і тычацца змяненні па аплаце камунальных паслугаў.

Раней калі чалавек, не заняты ў эканоміцы, быў зарэгістраваны ў кватэры з выгодамі і жыў там не адзін, то павышаныя тарыфы выкарыстоўваліся толькі да яго долі ў агульным аб’ёме паслугаў. З 1 кастрычніка 2025 года “эканамічна абгрунтаваныя тарыфы” выкарыстоўваюцца ўжо да ўсёй плошчы ўсіх жылых памяшканняў, якія належаць беспрацоўнаму, і новы кошт налічваецца на ўвесь аб’ём спажытых паслугаў.

Напрыклад, калі ў дзятлаўчаніна, як у незанятага, ёсць дзве кватэры, то па ўсіх ужываюцца эканамічна абгрунтаваныя тарыфы на ўвесь аб’ём спажытых паслугаў, адпаведна сумы ў квітках змяніліся і павялічыліся, а вось ільготная частка, якая да гэтага размяркоўвалася паміж іншымі жыхарамі такіх памяшканняў, цяпер выключаная.

Такое заканадаўчае новаўвядзенне вызначана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня № 465 і служыць дадатковай мерай па ўключэнні грамадзян, не занятых у эканоміцы, у працоўную дзейнасць.

Падкрэслю, што нарматыўным актам зменены падыходы па налічэнні платы за канкрэтныя віды жыллёва-камунальных паслугаў – цеплазабеспячэнне, гарачае водазабеспячэнне, газазабеспячэнне. Адпаведна, калі не заняты ў эканоміцы жыхар нашага раёна з’яўляецца ўласнікам жылога памяшкання, дзе падобныя выгоды цывілізацыі адсутнічаюць, то змяненні яго не закрануць.  

Як бачым, заканадаўца скіраваў новаўвядзенне на стварэнне больш справядлівай сістэмы размеркавання нагрузкі ў жыллёва-камунальнай сферы. Цяпер не занятыя ў эканоміцы грамадзяне не змогуць разлічваць на льготы, што раней распаўсюджваліся на членаў сям’і, якія жывуць з імі пад адным дахам. Мы ведаем, што дзяржаўныя субсідыі на камунальныя паслугі закліканы падтрымліваць у першую чаргу тых людзей, якія сваёй працай удзельнічаюць у развіцці эканомікі Беларусі.

Як старшыня камісіі райвыканкама, якая каардынуе работу ў сферы садзейнічання занятасці, магу даць дзятлаўчанам, якія трапілі пад дзеянне заканадаўства, галоўную параду: на самой справе памяняць сітуацыю проста – варта толькі пайсці і працаўладкавацца, тады і цана за камунальныя паслугі вернецца ў ранейшае русла.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации