Ніколі не старэюць тэмы сям’і, сямейных каштоўнасцяў, выхавання падрастаючага пакалення.

Сваім меркаваннем, якім яна бачыць адказнае бацькоўства і як выгадаваць шчаслівага чалавека, падзялілася галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама, старшыня раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская:

– Адказнае бацькоўства – гэта калі дарослыя гадуюць сваё дзіця ў атмасферы любові і клопату, праяўляюць падтрымку, давер і павагу да асобы непаўналетняга. Мяркую, такія падыходы да выхавання і з’яўляюцца гарантам шчаслівага дзяцінства кожнага чалавека і асновай для яго фарміравання як паспяховай, актыўнай, гарманічнай асобы. Таму, думаю, няма асаблівага сакрэту па выхаванні шчаслівага чалавека, бо яно якраз і заключаецца ў тым, каб мець вялікае жаданне гадаваць дзіця, моцна любіць, будаваць узаемаадносіны на павазе і даверы.

Асновы адказнага бацькоўства не фарміруюцца хутка як навык, гэта доўгі працэс і першачаргова ён закладваецца ў сям’і. Прыклад бацькоў, іх узаемаадносіны і адносіны да блізкіх, сямейныя традыцыі – аснова, якая фарміруе ў дзіцяці разуменне сямейнага ладу жыцця і адказнасць за выхаванне ўласных будучых дзяцей. Маё меркаванне аб гэтым яскрава адлюставана ў англійскай прымаўцы: “Не выхоўвайце дзяцей – яны ўсё роўна будуць падобныя да вас, выхоўвайце сябе”. Таму дарослым, якія не разумеюць, чаму іх не слухаюць сын, дачка, чаму паводзяць сябе не так, як хочацца, варта памятаць, што менавіта яны самі служаць асноўным прыкладам для пераймання паводзінаў, бо маленькі чалавек яшчэ да таго, як пачне гаварыць, ужо капіруе інтанацыю, рухі.

Яшчэ адно мудрае сцвярджэнне: “Пабудаваць сямейныя адносіны – вялікая работа, якая патрабуе эмацыянальных і валявых намаганняў”, і з гэтым нельга не пагадзіцца. Усвядомленыя і клапатлівыя адносіны да выхавання дзяцей уключаюць забеспячэнне іх фізічных і эмацыянальных патрэбаў, бяспекі, падтрымку ў развіцці і вызначэнні граніц. Гэта і значыць быць прыкладам для маленькага чалавека ў адносінах, учынках, уменні прызнаваць свае памылкі, а таксама надаваць дастаткова часу і ўвагі яго жыццю і захапленням.

Адказнае бацькоўства – найперш збалансаванасць розных бакоў выхавання, высокая ступень даверу ў адносінах з дзецьмі, здольнасць і жаданне падтрымаць іх матэрыяльна, але не ва ўрон адукаванасці і развіццю асобасных якасцяў. Неабходна ўлічваць той факт, што адказнае бацькоўства – не стан, а працэс, дакладней, сума працэсаў, якія працякаюць у розных напрамках. Як бачым, шчасце дзіцяці – важнейшая місія кожнага з бацькоў.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации