Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, дэлегат УНС:
– 2025 год падводзіць вынікі апошняй пяцігодкі, і важнай яго падзеяй будзе другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу, на якім плануецца прыняцце важнейшага для нашай краіны дакумента – Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады. Гэта стратэгія развіцця Беларусі на бліжэйшую пяцігодку, і мы ведаем, што многае залежыць ад нас саміх.
Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава, у прыярытэце якой стаіць чалавек. Што ж трэба чалавеку? Атрымаць добрую адукацыю, аплачваемую работу, уласнае добраўпарадкаванае жыллё, умовы для стварэння і жыцця сям’і, жыць у мірнай краіне, быць упэўненым у заўтрашнім дні.
Сярод вострых праблем нашага часу – адток маладых людзей у буйныя гарады, што з’яўляецца адной з прычын старэння малых гарадоў і практычна вымірання невялікіх населеных пунктаў. Таму важна арганізаваць роўныя магчымасці занятасці і якасці жыцця насельніцтва ў кожным рэгіёне.
Адрозніваецца ў наш час і менталітэт моладзі: ёй нельга навязваць свае ідэі, больш разумна і пажадана – знаходзіць кампрамісы, аб’ядноўваючы мудрасць, вопыт і новыя погляды. Таму мы павінны даваць раскрыцца моладзі праз далучэнне да розных праектаў, павышэнне прафесійнага ўзроўню, назначэнне на кіруючыя пасады.
Нельга забываць і пра пажылых грамадзян. Спрыяльныя і камфортныя ўмовы для беларусаў “сярэбранага” ўзросту – гэта дастойная пенсія, даступная медыцына, аказанне сацыяльных паслугаў па месцы жыхарства і ў стацыянарных установах. Такім чынам мы не толькі павялічваем працягласць жыцыця, але і пацвярджаем сацыяльную арыентаванасць дзяржавы. Чалавек не павінен быць забытым, а ў пажылым узросце тым больш.
Вельмі важная і пераемнасць паміж пакаленнямі, а галоўнае – людзі пажылога ўзросту павінны імкнуцца ісці ў нагу з часам, а моладзь –уносіць свае прапановы для развіцця краіны, бо менавіта ў ёй ім жыць і расціць дзяцей.
Вопытныя работнікі не павінны “цягнуць” маладых, яны абавязаны ісці з імі ў нагу, падстаўляючы плячо пры неабходнасці. Я падтрымліваю змену кадраў, развіццё і рост патэнцыялу маладых людзей. Паважаю разумных і мэтанакіраваных, ганаруся нашымі таленавітымі беларусамі. Штучны інтэлект – гэта добра, аднак мы не павінны забывацца, што яго таксама стварыў чалавек. Таму чалавек павінен займаць галоўную ролю ў нашым жыцці. Для гэтага неабходна стварыць усе ўмовы для навучання, жыцця і жадання працаваць менавіта ў Беларусі. А наша Радзіма – гэта не толькі буйныя мегаполісы, але і невялікія райцэнтры, аграгарадкі, вёскі. Яны павінны быць раўнамерна заселены, каб беларусы выкарыстоўвалі кожны кавалачак зямлі па прызначэнні, падкрэслю – чысты кавалачак зямлі і на карысць чалавека.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ВНС