Некалькі дзён таму завяршылася самая маштабная і душэўная акцыя ў Беларусі – “Нашы дзеці”, якая доўжылася на працягу месяца: з 10 снежня 2020 года па 10 студзеня 2021 года.

Нягледзячы на зімовы сезон, яна выдалася цёплай ад добрых спраў, светлай ад дзіцячых усмешак, багатай на прыемныя сюрпрызы.

Шчодрай навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” была сёлета на Дзятлаўшчыне. На падарункі для юных жыхароў раёна было выдзелена 26948,78 рубля, з іх 13774,65 рубля – бюджэтных, 13174,13 рубля – спонсарскіх сродкаў. Па традыцыі, хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі салодкія падарункі, на якія з раённага бюджэта было накіравана 10911,93 рубля.

Актыўна дарылі дзецям добры настрой і прыемныя сюрпрызы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк, дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі, жыхары раёна. Найбольш віншаванняў на працягу акцыі “Нашы дзеці” атрымалі выхаванцы Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, госці завіталі сюды 16 разоў і прынеслі падарункаў на 2206,5 рубля, сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, установу наведалі 20 арганізацый раёна з падарункамі на 3038 рублёў, дзіцячага дома сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў, было атрымана падарункаў на 1150 рублёў.

За ўдзел у акцыі званне найбольш актыўных валанцёраў сёлета можна прысвоіць калектывам Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, ТАА “Ізакам”, папраўчай калоніі-пасялення № 26 аграгарадка Гезгалы, ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна, Дзятлаўскага РУП ЖКГ, ДРБУ-119, ААТ “Граніт-Агра”, актывістам Гродзенскай абласной і Дзятлаўскай раённай арганізацый “Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў”, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, “Таварыства Чырвонага Крыжа”, “Беларускі дзіцячы фонд”, “Беларускі фонд міра”, Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Для дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, адораных хлопчыкаў і дзяўчынак былі арганізаваны раённыя навагоднія святы з удзелам кіраўніцтва Дзятлаўскага раёна. Адзінаццаць нашых юных землякоў, якія маюць высокія дасягненні ў вучэбнай, спартыўнай, мастацкай сферах дзейнасці, з’яўляюцца пераможцамі алімпіядаў, конкурсаў, фестываляў, спаборніцтваў, жывуць у апякунскіх, прыёмных і шматдзетных сем’ях, прынялі ўдзел у абласным дабрачынным свяце, якое прайшло ў Гродзенскай філармоніі. Яшчэ дзве навучэнкі, Дар’я Дзядовіч з Гезгалаўскай сярэдняй школы і Таццяна Кетка з гімназіі № 1 горада Дзятлава, пабылі ў Палацы Рэспублікі на навагоднім свяце з удзелам Кіраўніка дзяржавы.

Яркай, багатай на віншаванні і прыемныя сюрпрызы запомнілася дзятлаўчанам і раённая акцыя “Цуды на Каляды”, да якой далучыліся ўсе грамадскія арганізацыі Дзятлаўшчыны. Актывісты ладзілі віншаванні для дзяцей-інвалідаў, якія вучацца дома, хлопчыкаў і дзяўчынак са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў, дзіцячага дома сямейнага тыпу. Віншавальныя паштоўкі з цёплымі пажаданнямі і словамі падтрымкі атрымалі 4000 пажылых землякоў, якія жывуць адзінока, у тым ліку насельнікі дома-інтэрната, аддзялення кругласутачнага пражывання гарадскога пасёлка Казлоўшчына, спецыялізаваных установаў аграгарадка Гезгалы, гарадскога пасёлка Наваельня, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

На Дзятлаўшчыне свята прыйшло да кожнага, хто яго чакаў. За падтрымку ініцыятываў і ставарэнне спрыяльных умоваў пры правядзенні дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” аддзел адукацыі шчыра дзякуе Дзятлаўскаму райвыканкаму, арганізацыям, установам, грамадскім аб’яднанням раёна. Таксама нераўнадушным землякам, якія паспяшаліся ажыццявіць мары дзяцей з прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Радуе, што нашы землякі – гэта людзі з адкрытымі для добрых спраў сэрцамі.

Ірына КАЎКЕЛЬ  

Похожие публикации