31 снежня ў дзіцячы дом сямейнага тыпу горада Дзятлава Аляксандра і Марыны Русаўскіх завіталі навагоднія госці.

У рамках акцый “Нашы дзеці” і “Прафсаюзы – дзецям” да вялікай сям’і з сюрпрызамі і падарункамі наведаліся старшыні раённых арганізацый Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Юранкова, ГА “БРПА” Ірына Мішчанка, яна ж каардынатар дзейнасці раённага валанцёрскага клуба “Мы разам”, а таксама старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар і сакратар аб’яднання Ядвіга Гушча.

Аляксандр Мікалаевіч і Марына Вячаславаўна гасцінна запрасілі візіцёраў да сямейнай ёлачкі, а дзеці актыўна ўключыліся ў вясёлыя конкурсы і заданні ад цыганкі Розы (Ірына Мішчанка). Яны з задавальненнем арганізавалі навагодні аркестр і выканалі мелодыю пра ёлачку, а потым кожны атрымаў ад варажбіткі жартоўныя прадказанні на 2025 год. Безумоўна, не абышлося без вясёлых танцаў.

Прыемным момантам было ўручэнне падарункаў. Госці прынеслі дзецям не толькі салодкія сюрпрызы, але і сучасныя цацкі, якія дапамогуць зрабіць гульні захапляльнымі.

– Жадаю вам здароўя, дабрабыту і толькі добрых людзей на жыццёвым шляху, – пажадала Галіна Касцюк.

Тамара Юранкова перадала хлопчыкам і дзяўчынкам “яркія кропелькі сонца” – духмяныя мандарыны і расказала, што ў яе яны заўжды асацыіруюцца з такім чароўным і поўным цуда святам, як Новы год .

Быць здаровымі і паслухмянымі дзецям жадалі Міхаіл Губар і Ядвіга Гушча, а іх бацькам яны зычылі бадзёрасці духу і невычэрпнай энергіі.

Ад імя раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк дзякуе за спонсарскую дапамогу Уладзіміру Прыходзьку, гаспадару магазіна “Домашний интерес”, а таксама прыватнаму прадпрымальніку Мікалаю Шалевічу.  

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации