26 снежня на Дзятлаўшчыне адбылося ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы” з удзелам раённага кіраўніцтва, валанцёраў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў. Трэці год запар акцыя праходзіць з ініцыятывы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, сёлета яна прадоўжыцца да 15 студзеня.
У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна панавала па-хатняму цёплая і добразычлівая атмасфера. Тут сабраліся дзятлаўчане-пенсіянеры, якія знаходзяцца на надомным абслугоўванні, і тыя, хто наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для людзей залатога ўзросту.
– Дарыць дабрыню і цяпло сэрцаў пажылым людзям заўжды правільна, асабліва гэта важна ў час святаў, – павіншаваў прысутных намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка. – Акцыя “Ад усёй душы” заклікана ахінуць увагай усіх пажылых людзей Дзятлаўшчыны і Беларусі ў цэлым. Яна завітае ў сацыяльныя аддзяленні, пансіянаты, бальніцы сястрынскага догляду, аднак важна, каб яна пабывала і ў аддаленых вёсках, бо пачуць цёплыя словы для адзінокіх людзей – гэта шчасце. Ад райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і мяне асабіста прыміце віншаванні з пачаткам акцыі і святамі, моцнага вам здароўя, міру, дабрабыту і каб у гэтыя чароўныя дні вашы мары ажыццявіліся.
З пажаданнямі душэўнай цеплыні, увагі, павагі, моцнага здароўя, аптымізму, радасці, шчасця віншавальную эстафету перанялі начальнік упраўлення па працы, занятасці, сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Васкель і ганаровая старшыня аб’яднання Галіна Чура, а таксама старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Юранкова.
Нараджэнне Хрыстова і Новы год – самыя доўгачаканыя і чароўныя святы для ўсіх беларусаў. Не важна, колькі страў на святочным стале, якія падарункі пад ёлкай, галоўнае, калі побач добразычлівыя людзі. З разважаннямі аб духоўным значэнні аднаго з галоўных хрысціянскіх святаў і важнасці дабрачынных спраў да прысутных звярнуўся настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Казлоўшчына протаіерэй Георгій Ярмоліч, расказаў, як у сваім прыходзе займаецца сацыяльным служэннем.
Беларусь заўжды была моцная сваімі традыцыямі, у тым ліку глыбокай павагай да людзей старэйшага пакалення, і ў рамках адкрыцця акцыі “Ад усёй душы” прыемныя пажаданні і падарункі для ветэранаў працы сваёй галіны і аб’яднанняў падрыхтавалі Дзятлаўскі раённы вузел паштовай сувязі Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта”, раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне, аддзялення дзённага знаходжання для людзей залатога ўзросту, яшчэ адзін падарунак падрыхтавалі для былога дырэктара ЦСАН Дзятлаўскага раёна Алены Луня, якая адсутнічала, але атрымае яго дома.
Шчырыя душэўныя песні для тых, хто заўжды сумленна працаваў, не ведаючы стомы, дарыў родным любоў і клопат, спявалі Андрэй і Вера Добышы, Таццяна Дудкіна, Марына Варган, народны тэатр-студыя гульні “Суседзі”, папуры прагучала ад Алены Касцюк.
Якая ж навагодняя сустрэча без Дзеда Мароза, Снягурачкі, гульняў і карагодаў каля ёлкі? Завіталі добрыя чараўнікі і да прадстаўнікоў мудрага пакалення. Дзед Мароз паабяцаў ім, што выканае ўсе самыя запаветныя жаданні: людзі “залатога ўзросту” ў наступным годзе абавязкова будуць здаровыя, агорнутыя пяшчотай і клопатам, на дачы вырасце багаты ўраджай, спраўдзіцца і шмат дробных жаданняў, з якіх складаецца простае чалавечае шчасце.
Прыемнае чаяванне для ўдзельнікаў сустрэчы арганізавалі раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Кожнага наведвальніка ўрачыстасці мудрага ўзросту чакалі прыемныя сюрпрызы – салодкія падарукі ад ТАА “Панэкспа” і дырэктара арганізацыі Паўла Сазона, не абышлі ўвагай валанцёраў Таварыства Чырвонага Крыжа старэйшага ўзросту маладыя валанцёры гэтага аб’яднання з гімназіі № 1 горада Дзятлава.
Сваімі ўражаннямі ад першай святочнай сустрэчы падзяліліся яе ўдзельнікі.
Марыя Угольнікава:
– Шмат гадоў я працавала галоўным бухгалтарам у Фергане ва Узбекістане, паехаць туды давялося з-за стану здароўя. Калі там пачалася вайна, я прыехала ў Беларусь, прывезла сваю маці і ўнукаў-сірот. Спачатку спраўлялася з жыццёвымі цяжкасцямі сама, потым аформіла апякунства. Ужо ў Беларусі 23 гады адпрацавала ў ГА “БелТІ” спачатку старшынёй рэвізійнай камісіі, затым старшынёй пярвічкі. Цяпер мне 81 год, па-ранейшаму вельмі ўсіх люблю: і сваіх унукаў, і праўнукаў, і людзей, якія нам дапамагаюць, а сацыяльныя работнікі наогул падтрымліваюць ва ўсім. Вельмі рада, што трапіла на раённае свята, гэта праменьчык у цёмным царстве. Спачатку не думала ехаць, цяжка хварэла. А тут усіх пабачыла, парадавалася, бо мы сядзім адзінока па кватэрах. Шчырае дзякуй арганізатарам за цеплыню і добры настрой.
Любоў Ёда:
– Вельмі задаволена, што мяне запрасілі на гэту сустрэчу. Успомнілася маладосць, а я шмат гадоў адпрацавала ў паштовай сувязі, у тым ліку кіраўніком. Мы былі маладыя, энергічныя, хацелася жыць і працаваць, усё ў нас выдатна атрымлівалася. Цяпер мы шчаслівыя, што нас усё яшчэ запрашаюць, што мы запатрабаваныя і можам прыносіць карысць. Сённяшняя сустрэча выдалася цудоўнай, я даўно не была на святах, арганізаваных для людзей шаноўнага ўзросту. Гэта проста паказальнае мерапрыемства, вельмі спадабалася. Я і дома пра яго раскажу, і з сябрамі падзялюся ўражаннямі і добрым настроем. Дзякуй усім, хто паклапаціўся аб гэтай сустрэчы.
Акцыя “Ад усёй душы” скіравана на аказанне ўвагі і падтрымкі старэйшаму пакаленню. Яна прадоўжыцца для пажылых людзей у дамах-інтэрнатах, аддзяленнях кругласутачнага знаходжання, адзінокіх і тых, хто жыве адзінока, доўгажыхароў. Далучыцца да мерапрыемстваў і падарыць радасць могуць усе жадаючыя.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае