Нягледзячы на спякотнае надвор’е, на Дзятлаўшчыне поўным ходам ідзе падрыхтоўка да галоўнага свята краіны – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Безумоўна, першачарговая адказнасць за нявядзенне парадку і ўпрыгажэнне райцэнтра да свята – на работніках Дзятлаўскага РУП ЖКГ, аднак падтрымаць іх 29 чэрвеня выйшлі педагогі і навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, супрацоўнікі пракуратуры раёна. Школьнікі і дарослыя ў гэты дзень працавалі каля абеліска Славы ў Дзятлаве.

– Напярэдадні дзяржаўнага свята, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, неабходна навесці парадак на воінскіх пахаваннях, мемарыяльных комплексах, іншых месцах баявой і воінскай славы, – адзначыў пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка. – Добраўпарадкаванне помнікаў і воінскіх пахаванняў – наша даніна памяці мужнасці і стойкасці пакаленняў, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну. Гэта клопат пра будучыню нашага горада і Беларусі, бо маладое пакаленне павінна ведаць гісторыю і шанаваць памяць продкаў, не забываць, якой цаной дасягнута Перамога.

– У нашай сярэдняй школе № 3 якраз доўжыцца змена ў летніку працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем “Расток” для 22 навучэнцаў 8-9 класаў, – расказала дырэктар летніка Алена Дварчанін. – Да Дня Незалежнасці мы разам з работнікамі камунгаса і пракуратуры ўключыліся ў акцыю “Абеліск” па навядзенні парадку каля аднайменнага мемарыяла. Як бачыце, аб’ём работы даволі значны: трэба пачысціць і падмесці галоўныя дарожкі і пляцоўку, падгрэбці і вынесці сена з зялёнай зоны, прыбраць каля клумбаў траву, што косяць камунальнікі. Мяркуем, разам мы справімся з гэтымі задачамі. Падбадзёрвае думка, што рыхтуемся да галоўнага свята краіны – Дня Незалежнасці, і абавязак кожнага з нас – узгадаць подзвігі продкаў, якія змаглі перамагчы ў той страшнай вайне. Падобныя акцыі вучаць дзяцей патрыятызму і памяці пакаленняў, разам з тым, заўсёды прыемна рабіць добрыя справы для роднага горада.

Сярод навучэнцаў, якія працуюць каля абеліска Славы, бачу актывістку і члена моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Кацярыну Роўба. Цікаўлюся і яе меркаваннем.

– Лічу, што такія акцыі павінны быць рэгулярнымі, – выказвае сваю ўпэўненасць Кацярына. – І хоць раз у іх павінен паўдзельнічаць кожны вучань. Каля абеліска Славы абавязкова трэба падтрымліваць чысціню і парадак, бо гэта знакавы аб’ект горада, які наведваюць многія дзятлаўчане і госці раёна, асабліва напярэдадні святаў, прымеркаваных да падзей Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі савецкага народа над фашызмам. Для моладзі гэта таксама важна.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации