Гартаю кнігу-альбом акварэляў Аляксандра Іванавіча Лакоткі “Прастор родны. Беларусь”, і на душы становіцца цёпла, пяшчотна.

Ведаю вучонага асабіста, шмат разоў сустракалася, у памяці засталіся непаўторныя хвіліны прыемных зносінаў. Аляксандр Іванавіч з сям’ёй прыязджаў на сустрэчу ў наш музей вясной 2018 года, прывёз шмат сваіх кніг, падарыў музею акварэльныя работы, падарожнічаў на машыне па Дзятлаўшчыне, рабіў фотаздымкі, каб выкарыстаць інфармацыю ў сваіх новых даследаваннях. А ў верасні 2018 года акадэмік Аляксандр Лакотка стаў госцем рэспубліканскай краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 520-годдзю заснавання мястэчка Дзятлава, выступаў на пленарным пасяджэнні.

Сёння, напэрэдадні юбілея – 65-годдзя з дня нараджэння – акадэміка і член-карэспандэнта НАН Рэспублікі Беларусь, беларускага архітэктара, доктара архітэктуры, доктара гістарычных навук, прафесара, нашага земляка, ураджэнца вёскі Кузьмічы хочацца сказаць цёплыя словы не толькі пра яго навуковую дзейнасць, заслугі перад Радзімай і нашай гістарычнай спадчынай, але і пра творцу, таленавітага мастака, чые работы захапляюць нейкай неверагоднай адкрытасцю, шчырасцю, светласцю фарбаў.

Гартаеш старонкі альбома і адчуваеш дзіўную музыку колераў і формаў, часам яркія вітражы або калейдаскопы, нечаканыя эксперыменты пэндзля мастака. Акварэлі магічнай энергетыкі – так можна назваць работы Аляксандра Іванавіча. Гэта магічная, парывістая энергетыка адчуваецца ў ім самім, ва ўсёй яго паставе, яго манеры гаварыць, рухацца, жэстыкуляваць. А яшчэ тое, што асабліва ўразіла, – чалавечая прастата, уменне спусціцца са сваёй вышыні і адчуць, зразумець любога чалавека.

– Марыў стаць мастаком, – расказвае Аляксандр Іванавіч. – Мой бацька, настаўнік рускай мовы і літаратуры, выдатна маляваў. Ён нават дапаможнікі да ўрока рабіў жывапісныя – сам ілюстраваў любімыя творы, канструяваў дэкарацыі для школьнага тэатра. Дзякуючы захапленням бацькоў з дзяцінства вывучаў гісторыю мастацтваў, асабліва рускага, у доме была багатая калекцыя кніг. Пасля школы паспрабаваў паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут. Экзамены здаў, але не прайшоў: куды ж я, учарашні школьнік, супраць мацёрых 30-гадовых мужыкоў, якія скончылі Глебаўскае мастацкае вучылішча. Стаяў я на ганку ў разгубленасці, тады і параіў мне адзін выкладчык пайсці праз дарогу, у політэхнічны інстытут. Так і стаў архітэктарам. Працаваць давялося ў майстэрні Георгія Заборскага, што лічу адной з найбольшых удач у сваім жыцці. Жыццё маё і навуковая дзейнасць связаны з гісторыяй і архітэктурай, але акварэлі – гэта нават не хобі, гэта частка мяне самога, маёй душы. Калі пішу, не толькі адпачываю, расслабляюся, але і адчуваю незвычайную асалоду, апынаюся ў рознакаляровым свеце мрояў і ўяўленняў.

Захапленне бацькі падтрымаў малодшы сын, які таксама піша акварэлі і, па словах Аляксандра Іванавіча, больш таленавіты, чым ён сам. Сямейная традыцыя? Відаць, не. Нешта большае – талент, які перадаецца не праз пакаленні, а калена ў калена.

Аляксандру Іванавічу Лакотку пашчасціла яшчэ ў адным: яго жонка, Святлана Аляксандраўна, не толькі сябар і верная спадарожніца па жыцці, але і аднадумца. Яна таксама архітэктар, разам вучыліся ў політэхнічным інстытуце, доўгі час Святлана Аляксандраўна была дырэктарам Беларускага музея народнай архітэктуры і побыту. Жонку Аляксандр Іванавіч называе самым патрабавальным сваім крытыкам і апанентам.

Акадэмік Аляксандр Лакотка – плённы вучоны і творца. За сваю працу адзначаўся дзяржаўнымі ўзнагародамі. Ён лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат прэміі Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” за ўдзел у напісанні дзесяцітомнага выдання “Беларусы”. І цяпер поўны планаў і задум, марыць захаваць як мага паўней архітэктурную спадчыну беларусаў як нацыянальную адметнасць, частку нашага менталітэту. Аляксандр Іванавіч падзяліўся і самай запаветнай сваёй марай – апублікаваць усё тое, што было напісана, замалявана ў экспедыцыях. Ён шмат што выдаў, але многае пакуль знаходзіцца ў сямейных архівах, не прадстаўлена на суд чытачоў і аднадумцаў.

Пажадаем нашаму земляку плёну, здароўя і здзяйснення задуманага.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации