Прыйшла зіма, а значыць ужо хутка настане святочны перыяд Божага Нараджэння.

Як вядома, у Каталіцкім Касцёле гэтаму святу папярэднічае Адвэнт, які называюць часам радаснага чакання.

… Адвэнт з’яўляецца перыядам пабожнага і радаснага чакання

Падрыхтоўка да ўрачыстасці Божага Нараджэння, а таксама да другога прыйсця Хрыста – гэта наш абавязак, гэта тое, над чым мы канцэнтруемся ў Адвэнце. Прадпісаных абмежаванняў для Паўсюднага Касцёла, якія б былі выключнымі для гэтага перыяду, няма. Аднак, пад уплывам даўнейшых прадпісанняў, візантыйскага абраду і ўласнай пабожнасці ў Беларусі захавалася традыцыя накладаць на сябе абмежаванні ў гэтыя дні. Яны могуць мець характар дабравольна выбранага абмежавання ў нейкай сферы, улічваючы ўласны стан і меркаванне духоўных кіраўнікоў. Не варта абмяжоўвацца толькі мінімумам, які падаюць касцёльныя прадпісанні, але дадаць да яго прыгожую традыцыю нашага рэгіёна і асабістыя добрыя пастановы.

Гэты перыяд года багаты сімваламі, узгадаем некаторыя з іх.

Адвэнтавы вянок, маючы круглую форму, азначае еднасць сям’і: мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей, еднасць парафіі і іншае. Чатыры свечкі ў такім вянку – чатыры тыдні Адвэнту.

«Свечка, як сімвал Хрыста, якая звычайна запальваецца перад алтаром кожны тыдзень Адвэнту…»

Раратняя свечка  свечка, якая запальваецца падчас Імшы ў гонар Дзевы Марыі ў перыяд Адвэнту – раратаў. Такая свечка з’яўляецца сімвалам Марыі, нашай ранішняй зоркі, з якой мы ідзем да Хрыста, сапраўднага святла.

Стаенка – нагадвае абставіны нараджэння Хрыста ў нястачы. Падчас Адвэнту ў стаенцы адсутнічае фігура Дзіцяці Езуса, якая змяшчаецца туды на саму ўрачыстасць Божага Нараджэння.

Часта людзі пытаюцца аб устрыманні ад ежы падчас адвэнту

Прадпісанага спецыяльнага для гэтага перыяду ўстрымання ад некаторых страў або абмежавання ў колькасці ежы няма. Так, як і на працягу ўсяго года, абавязковым з’яўляецца ўстрыманне ад мяса ў пятніцы, калі на пятніцу не прыпадае касцёльная ўрачыстасць. Устрыманне і пост могуць быць выбраны вернікамі дабраахвотна і часта з’яўляюцца выражэннем вернасці пабожнай традыцыі. Вызваляюцца ўвогуле людзі ад устрымання пры пэўных умовах са згоды святара або па хваробе.

У вігілію неабходна ўстрымлівацца ад мяса

Устрыманне ад мяса у пярэдадзень Божага Нараджэння з’яўляцца мясцовым пабожным звычаем. Калі ў нейкім асяроддзі прынята захоўваць пост або ўстрыманне ад мяса, то варта захаваць такі звычай, выражаючы пашану да традыцый продкаў. Лепш пазбягаць таго, каб быць спакусай для тых, хто захоўвае пост і ўстрыманне, ідучы за традыцыяй, або для вернікаў усходніх абрадаў, у якіх такія прадпісанні перад Божым Нараджэннем больш суровыя.

Кожны веруючы чалавек абавязаны быць гатовым да сустрэчы з Хрыстом

У каталіцкім касцёле для веруючых ёсць рэкалекцыі (духоўныя практыкаванні) – цудоўная магчымасць  прыгатавацца да сакраманту  споведзі і разважання над сваім жыццём. У гэты час у парафіях спавядае больш святароў, рэкалекцыяніст гаворыць спецыяльныя казані. Прасцей выкарыстаць такую магчымасць і не адкладаць споведзь на апошнія дні перад святам.

Зразумела, увесь гэты час неабходна пражываць у гармоніі з Богам і людзьмі, у любові да родных, свайго краю.

Як грамадзянін Беларусі сэрцам перажываю за сваю краіну, землякоў.

Раздзяляю са сваімі прыхаджанамі і радасныя, і сумныя хвіліны, падрымліваю іх у розных годных справах.

Цяпер мы знаходімся напярэдадні важнай палітычнай падзеі ў краіне. Заўжды прымаю ўдзел у выбарах. Як святар з вялікай адказнасцю стаўлюся да электаральнай кампаніі. Разумею, што мой голас адыгрывае ролю ў будучым маіх вернікаў, іх дзяцей і унукаў.

І падтрымліваю мірную і шчаслівую Беларусь, дзе кожнаму ёсць месца да самавызначэння і рэалізацыі сваіх здольнасцяў.

Андрэй ПЫШЫНСКІ,
ксёндз, віцэ-дэкан Дзятлаўскага і Навагрудскага дэканата

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации