Артыкулам 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што кожны мае права на юрыдычную дапамогу для рэалізацыі і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў.

Аднак у Крымінальна-працэсуальным заканадаўстве да апошняга часу не быў рэгламентаваны ўдзел адваката ў якасці прадстаўніка сведкі. Адсутнасць прававога рэгулявання па гэтым пытанні прыводзіла да таго, што грамадзяне, якіх прыцягвалі ў якасці сведкаў, не ведалі аб тым, што могуць скарыстацца паслугамі адваката перад пачаткам допыту або іншых следчых дзеянняў. Нярэдка адсутнасць кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі прыводзіла да таго, што чалавек з разраду сведкі пераходзіў у разрад падазронага, а пасля і абвінавачванага па крымінальнай справе.

З 31 студзеня 2018 года ўступілі ў сілу змяненні ў заканадаўстве, згодна з якімі кожны сведка па крымінальнай справе мае права на правядзенне допыту і іншых працэсуальных дзеянняў з удзелам адваката. Гэта ўстаноўлена артыкулам 60-1 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Згодна з часткай першай гэтага артыкула, адвакат сведкі пры адсутнасці абставінаў, якія выключаюць яго ўдзел у крымінальным працэсе, згодна з патрабаваннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, мае права:

аказваць юрыдычную дапамогу сведку пры ажыццяўленні працэсуальных дзеянняў з удзелам гэтага сведкі;

з дазволу органа, які вядзе крымінальны працэс, задаваць пытанні гэтаму сведку;

заяўляць адвод перакладчыку, які ўдзельнічае ў допыце гэтага сведкі;

знаёміцца з пратаколам следчага і іншага працэсуальнага дзеяння, пры правядзенні якога ён аказваў юрыдычную дапамогу сведку, і ўносіць пісьмовыя заўвагі наконт правільнасці і паўнаты запісаў у пратаколе такога дзеяння;

знаёміцца з запісам паказанняў гэтага сведкі ў пратаколе судовага пасяджэння.

Таксама частка 3 артыкула 60 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у якой пазначаюцца правы сведкі, дапоўнена пунктам 6, згодна з якім сведка мае права запрашаць адваката для атрымання юрыдычнай дапамогі пры ажыццяўленні працэсуальных дзеянняў з яго ўдзелам.

Непасрэдна ў час допыту, праверкі паказанняў на месцы, іншых следчых і працэсуальных дзеянняў з удзелам сведкі адвакат сочыць за тым, каб на сведку не аказвалася незаконнага ўздзеяння, не парушаліся іншыя яго правы, паказанні сведкі былі поўна і дакладна адлюстраваны ў пратаколе. Пры наяўнасці заўвагаў наконт правільнасці і паўнаты запісаў у пратаколе адвакат уносіць пісьмовыя заўвагі ў пратакол.

Рэалізацыя сведкам свайго права на адваката дапаможа яму адстаяць свае інтарэсы і не дапусціць парушэння правоў. Задача адваката – абараняць правы і законныя інтарэсы сведкі, і для таго, каб яна вырашылася эфектыўна, да адваката варта звяртацца загадзя, таксама рэкамендуецца атрымаць юрыдычную кансультацыю адваката да пачатку першага допыту.

Андрэй СІМАНЧЫК,
адвакат юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации