Навучэнкі гімназіі № 1 горада Дзятлава Марына Ломаць і Лізавета Белавус сталі ўдзельніцамі змены “Навуковая экспедыцыя” ў абласным аздараўленчым летніку “Навука-1”, які традыцыйна размяшчаецца на базе Парэцкай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната Гродзенскага раёна.
Пуцёўку сюды дзяўчынкі атрымалі за высокія вынікі ў алімпіядным руху па беларускай мове і літаратуры.
Кожны дзень у летніку “Навука-1” юнакоў і дзяўчат чакалі вучэбныя заняткі, якія праводзілі выкладчыкі Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы, школьныя настаўнікі з вопытам падрыхтоўкі алімпіяднікаў, выкарыстоўваючы вузаўскую сістэму навучання: чыталі лекцыі, арганізоўвалі практычныя заняткі, практыкавалі дыскусійныя формы работы.
Арганізатарамі летніка была падрыхтавана для выхаванцаў разнастайная праграма.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся дзятлаўчанкі.
Лізавета Белавус:
– Нягледзячы на тое, што тут праходзіла падрыхтоўка да алімпіяды, у летніку панавала атмасфера радасці і добрага настрою. Разнастаіць адпачынак дазвалялі спартыўныя мерапрыемствы, конкурсы, квэсты, інтэрактыўныя пляцоўкі, канцэрты. Усе юнакі і дзяўчаты вельмі актыўныя, камунікатыўныя, таму адразу пасля знаёмства з імі зразумела, што сумна не будзе. Я не пашкадавала аб праведзеным часе ў “Навуцы”, таму што набыла шмат сяброў, атрымала сталыя веды і зарадзілася новымі ўражаннямі.
Марына Ломаць:
– У летніку мне асабліва спадабаўся Дзень атрада беларускай мовы, калі мы ўсе разам рыхтавалі для астатніх удзельнікаў змены станцыі з заданнямі па беларускай мове і літаратуры, а ўвечары прадстаўлялі канцэртную праграму. Таксама я прымала ўдзел у ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Вельмі захапляльна прайшла канцэртная праграма “Хвіліна славы”, дзе кожны жадаючы змог паказаць сябе: прадэмастраваць свае здольнасці ў выкананні песні, танца, дэкламацыі верша. Наш атрад прымаў удзел у гульні “Што? Дзе? Калі?”. На жаль, час летняй змены праляцеў вельмі хутка, але застанецца ў маім сэрца надоўга.
Урачыстае закрыццё змены было насычана музыкай, вяселлем, гумарам. Усе ўдзельнікі аб’ядналіся ў адзіную сям’ю і, нягледзячы на сум растання, паабяцалі ў наступным годзе сустрэцца зноў. Час адпачынку і перазагрузкі прайшоў.
Аксана ВАНЧУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga