Нягледзячы на няўстойлівае надвор’е, турыстычны сезон на Дзятлаўшчыне стартаваў.
Як ён пачаўся і якім будзе, расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка:

– У першы дзень сакавіка з аўдыягідам з райцэнтрам пазнаёміліся госці з Мінска. Абнаўляюцца і прапановы для турыстаў. Сярод іх будуць прэзентаваны новыя паслугі: у маі плануецца адкрыць экалагічны маршрут “Зялёнымі сцежкамі Ліпічанскай пушчы”. Здзівіць гасцей і новая зямлянка-фотазона, якая з’явіцца каля ўвахода ў партызанскі шпіталь у рамках экскурсійна-патрыятычнага праекта “Летапіс Вялікай Перамогі, або Лясной сцяжынкай да партызанскага шпіталя”. Мяркуецца, што запатрабавана навінка будзе і пры заказе веласіпеднага маршруту “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”. Нагадваем, што веласіпеды можна браць напракат у Рудаяварскім лясніцтве.
Яшчэ адзін папулярны ў раёне від турпаслугаў, якія можна заказваць у раённым фізкультурна-спартыўным клубе, – сплавы на байдарках. Для пашырэння прапановы нядаўна набыты чатыры дадатковыя плавальныя сродкі – сапы. Яны будуць апрабаваны на пляжы ў Дзятлаве, а ў далейшым іх таксама плануецца здаваць напракат.


Не губляюць папулярнасці ў адпачывальнікаў і майстар-класы як па побытавых і класічных танцах, так і ў рамеснікаў. Майстар-кераміст Анатоль Кардаш 11 сакавіка сустракаў чарговую групу жадаючых больш даведацца пра вырабы з гліны і паспрабаваць уласныя сілы ў рабоце за ганчарным кругам.


У наведвальнікаў райцэнтра карыстаецца попытам экскурсія “Знаёмцеся – Дзятлава”, заказаць якую можна самастойна і накіравацца ў падарожжа з аўдыягідам. Часта нашы землякі цікавяцца, што прапанаваць сваім гасцям, каб у іх засталіся найлепшыя ўражанні ад адпачынку. У гэтым выпадку аўдыягіды таксама цудоўны варыянт, бо гарантуюць займальнае сумеснае падарожжа, а узяць іх напракат можна ў раённым турыстычным інфармацыйным цэнтры.
Сярод маршрутаў, акрамя пешага “Знаёмцеся – Дзятлава”, можна выбраць больш актыўныя са сплавам на байдарках: “Шчара – рака партызанская”, “Па хвалях Моўчадзі”, “Прынёманскія краявіды”, а экскурсія “Ад Цара да самавара” сумяшчае ў сабе і сплаў, і знаёмства з мястэчкам Дварэц, далучэнне да нацыянальных традыцый, майстар-клас па лозапляценні Сяргея Балыкова. Аматарам ваеннай гісторыі спадабаецца веласіпедны маршрут “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”. Прапаноўваюць гасцям і інтэрактыўныя праграмы, якія не толькі дораць шмат незабыўных эмоцый, але і ствараюць эфект далучэння да падзей. Гэта “Сустрэча каля партызанскага вогнішча”, “Па слядах герояў”, “На прывале” (лакацыя Домік паляўнічага), “На сонечнай палянцы” (сядзіба “Каля дуба”), “Па дарозе на кірмаш” (Дварэцкі дом культуры).
У Беларусі развіваюцца трынаццаць відаў турызму, таму ў праграмах сумяшчаюцца элементы кожнага, што дазваляе зрабіць вандроўкі цікавымі, насычанымі, рознапланавымі. У час іх турысты не толькі пашыраюць свой кругагляд, але і набіраюцца ўражанняў ад прыгожых краявідаў, інтэрактыўных элементаў.

Пацвярджэнне таму экскурсія, якая адбылася 15 сакавіка. Дзятлаўшчыну з турам выхаднога дня наведала група ад Баранавіцкай турыстычнай фірмы “Рэйс мары”. Стартавала экскурсія ў Дварэцкім доме культуры, дзе госці пазнаёміліся з нацыянальнымі традыцыямі, паўдзельнічалі ў майстар-класе па лозапляценні. Пабывалі яны і ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, саборы святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай, а завяршылася вандроўка ў Доміку паляўнічага праграмай “На прывале” ад Дзятлаўскіх лясгаса і дзіцячай школы мастацтваў. Па водгуках падарожнікаў, а гэта былі гараджане пажылога ўзросту, уражанні засталіся самыя прыемныя. Госці расказалі, што шмат дзе бываюць, аднак такое нестандартнае знаёмства з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны праз тэатралізаваную анімацыйную форму ўбачылі ўпершыню.
Адным словам, на Дзятлаўшчыне ёсць магчымасць заказаць не проста экскурсіі, але і камбінаваныя туры выхаднога дня. Пры гэтым аддаць перавагу можна гісторыі, культуры ці проста забавам і адпачынку на ўлонні прыроды. Усе варыянты магчымыя – выбар за кліентамі. Як сведчыць мінулагодні вопыт, групы, якія прыязджалі па праграмах выхаднога дня, спыняліся паабедаць у рэстаране “Ліпічанка”, дзе ім яшчэ прапаноўвалі пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні. Як бачым, у раёне робіцца ўсё, каб прадставіць Дзятлаўшчыну цікава, нестандартна, адкрываючы ўсё новыя і новыя старонкі яе гісторыі.


Актыўна ідзе падрыхтоўка да Міжнароднай выставы-кірмаша “Адпачынак-2025”. Канцэпцыя сёлетняга паказу зменена: Прынёманне будзе прадстаўлена цэласна. Цэнтральнай стане экспазіцыя ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, дзе прадэманструюць элементы турыстычнага патэнцыялу ўсяго рэгіёна, асобна ж будуць працаваць стойкі раёнаў. Дзятлаўшчына рыхтуецца прапанаваць наведвальнікам навінкі і напрацоўкі, над якімі ішла работа ў асенне-зімовы перыяд. На выставе мяркуецца прадоўжыць рэкламаванне ўсіх турыстычных маршрутаў раёна, акцэнт жа будзе зроблены на экалагічным “Зялёнымі сцяжынкамі па Ліпічанскай пушчы”. А на конкурс сувенірнай прадукцыі, дзе вынікі падвядуць па абласцях, наш раён вязе лінейку сувенірнай прадукцыі ад свайго брэнда – Дзятліцы. Гэта чайная калекцыя “Двор Зецела”, якая знаёміць з уладальнікамі мястэчка, калекцыя свечак “Ля вытокаў духоўнасці” з выявамі самых прыгожых храмаў, набор шарыкавых ручак з найменнямі папулярных у раёне маршрутаў і такі ж набор бірулек. Створана і паліграфічная прадукцыя, таму спецыялісты спадзяюцца, што Дзятлаўшчына не толькі будзе ярка прадстаўлена на выставе, але і ўдасца наладзіць кантакты з новымі тураператарамі і патэнцыяльнымі кліентамі, што паспрыяе далейшаму развіццю турызму ў раёне.



Ірына СТЫРНІК
Фота арганізатараў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#туризм #Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее