Студзень у Беларусі аб’яўлены месяцам рэлігійнага турызму: на працягу яго пройдуць мерапрыемствы, якія пазнаёмяць беларусаў і замежных гасцей з багатай духоўнай і культурнай спадчынай нашай краіны. На Дзятлаўшчыне запланаваны сустрэчы самых розных фарматаў.

– На тэрыторыі нашага раёна знаходзяцца 22 рэлігійныя аб’екты, 16 з якіх уключаны ў турыстычныя маршруты, іх наведванне запатрабавана ў турыстаў, – расказала дырэктар Дзятлаўскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Вераніка Паўлоўская. – Сярод самых папулярных і цікавых для гасцей і пілігрымаў – касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай панны Марыі – сэрца нашага райцэнтра, сабор навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай і Спаса-Праабражэнскі храм горада Дзятлава, а таксама касцёл Анёлаў-Ахоўнікаў аграгарадка Раготна, пабудаваны ў 1840 годзе ў стылі позняга класіцызму, які, дарэчы, уваходзіць у топ-славутасцяў Гродзенскай вобласці. Убачыўшы на фотаздымках велічны і прыгожы касцёл Божага цела ў аграгарадку Дварэц, турысты стараюцца не прамінуць і гэты знакаміты храм Дзятлаўшчыны. Варта адзначыць, што папулярнасць рэлігійнага турызму павышаецца з кожным годам, але развіваць гэты напрамак было б немагчыма без цеснага супрацоўніцтва з духавенствам. За падтрымку і заўжды адкрытыя дзверы храмаў мы ўдзячны благачыннаму цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэю Іаану Кісялю, ксяндзу-пробашчу парафіі ў Дзятлаве Андрэю Лішко і ўсім святарам раёна.  

На працягу студзеня 2025 года, па словах Веранікі Паўлоўскай, праз сацыяльныя сеткі і раённую газету “Перамога” турыстычны інфармацыйны цэнтр будзе знаёміць дзятлаўчан і патэнцыяльных турыстаў з рэлігійнымі аб’ектамі дзятлаўскай зямлі і святынямі, якія там захоўваюцца. Паабяцала Вераніка Уладзіміраўна, што будуць зняты і кароткія відэаагляды пра найцікавейшыя храмы Дзятлаўшчыны, закліканыя прывабіць гледачоў пабываць у гэтых адметных мясцінах, прасякнуцца іх атмасферай. Дарэчы, па ініцыятыве ТІЦ у інстаграм-канале ўжо стартаваў тэматычны конкурс фотаздымкаў “Храмы Дзятлаўшчыны”.

У час месяца рэлігійнага турызму будзе прадоўжана і традыцыйная экскурсійная акцыя “Аб чым раскажа храм”, аднак яе акцэнты з раённага цэнтра змесцяцца яшчэ і на перыферыю.

На працягу студзеня дзятлаўчан і гасцей раёна чакаюць фестываль-конкурс “Хрыстаславы”, сустрэчы, экскурсіі, святочныя богаслужэнні, Вадохрышча, калядкі і многае іншае.

У 2025 годзе на Дзятлаўшчыне плануецца адкрыць яшчэ адзін турыстычны маршрут “На ўскрайку Ліпічанскай пушчы, або Накрышская гісторыя”, які ўключае ў сябе адметны рэлігійны аб’ект – Барысаглебскую царкву вёскі Накрышкі, пабудаваную ў 1791 годзе з бутавага каменя ў выглядзе карабля на ахвяраванні сям’і Стравінскіх, якая валодала мясцовымі землямі. Спецыялісты турыстычнага цэнтра ўпэўнены, што і гэты храм нікога не пакіне раўнадушным.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашалепшае #нашелучшее

Похожие публикации