Гаспадар з гаспадыняй тут сустракаюць гасцей непаўторным мясцовым каларытам, кантактным заапаркам, добрымі песнямі, традыцыйнымі народнымі рамёствамі ды шчодрымі пачастункамі.

У межах святкавання абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2024” дзятлаўчане прадставілі “пяцігодку” 2013-2018 гадоў, калі ў межах дзяржаўнай праграмы ў раёне адбывалася станаўленне авечкагадоўлі і трусагадоўлі.

У прэзентацыі дасягненняў Дзятлаўшчыны прымаюць удзел усе сельгаспрадпрыемствы раёна, аднак цэнтральнае месца экспазіцыі адведзена КСУП “Хвінявічы”. Госці фестывалю змогуць не толькі даведацца аб пародах жывёл, якіх гадуе гаспадарка, але і пабачыць іх ужывую: для гэтага будзе працаваць сельскі кантактны міні-заапарк.

Тых, хто завітае на дзятлаўскі падворак, чакае шмат цікавага і мноства сюрпрызаў: тут можна будзе пабачыць і пакаштаваць шэдэўры майстрыц-хлебапёкаў Дзятлаўшчыны, рог дастатку, напоўнены прадукцыяй перапрацоўчых прадпрыемстваў, кампазіцыі з агародніны новага ўраджаю, сялянскі побыт у мініяцюры, паслухаць добрыя песні ў выкананні вядомых калектываў Дзятлаўшчыны.

Людзі, нераўнадушныя да ўсяго аўтэнтычнага беларускага, будуць мець магчымасць далучыцца да майстар-класаў ад вядомых майстроў раёна. Яны расказалі, з якім настроем прыехалі на “Дажынкі” і якія цікавінкі прывезлі.

Анатоль Кардаш, мастак-кераміст:

– На “Дажынкі” мы прыехалі з выдатным настроем, цікавым майстар-класам (для гэтага прывёз с сабою ганчарны круг і гліну) і новым экалагічным керамічным посудам, вырабленым спецыяльна для гэтай нагоды. Вельмі прыемна атрымліваць запрашэнне на такія гучныя мерапрыемствы ў якасці ўдзельніка. Са мной будуць згодныя работнікі культуры Дзятлаўшчыны, якія ўчора рыхтавалі свой падворак да прэзентацыі і, нягледзячы на надвор’е, усміхаліся, радаваліся гэтай падзеі. Усе, хто захоча паспрабаваць сябе ў вырабе посуду з гліны, могуць нас знайсці ў “Гарадку рамеснікаў” побач са святочнай сцэнай на цэнтральнай плошчы. Ганарова знаходзіцца ў ліку лепшых рамеснікаў Гродзеншчыны, тым больш што я адзіны прадстаўляю ганчарную справу. Асабіста для мяне “Дажынкі” – падвядзенне вынікаў працяглага перыяду працы перад зімой, і не толькі ў сельскай гаспадарцы. А яшчэ – новыя эмоцыі, вопыт, уражанні, цікавыя рэчы, новая інфармацыя, якія можна будзе пасля выкарыстоўваць у сваёй справе і побыце. На абласным фестывалі-кірмашы 17 падворкаў – і не знойдзеш двух падобных, кожны самабытны і непаўторны, поўны асаблівых дэталяў. На абласным свяце хлебаробаў пануе атмасфера творчасці і дружалюбнасці. Мы ўсе прыехалі з розных мясцін Гродзенскай вобласці, пры гэтым усе вельмі добразычлівыя і гатовыя дапамагаць адзін аднаму і вучыцца.

Марына Лотыш, майстар аддзела традыцыйнага мастацтва и рамёстваў Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці:

– На абласных “Дажынках” мы звычайна адказваем за прэзентацыю традыцыйных народных рамёстваў і вырабаў. Сёлета ў Мастах я буду прадстаўляць майстар-клас па прадзенні на калаўроце. Радасць і гонар, што нас запрашаюць на святы такога маштабу. Мы маем магчымасць паказваць гасцям мерапрыемства традыцыйныя віды рукадзелля Дзятлаўшчыны, і яны вельмі цікавяць людзей. Падыходзяць дзеці з мамамі, бабулямі, спрабуюць гэты занятак, узгадваюць, што ў некага дома таксама ёсць калаўрот. Такім чынам прадаўжаем беларускія традыцыі і падтрымліваем пераемнасць пакаленняў. Я расказваю дзецям легенду пра тое, што чалавек можа спрасці на калаўроце нітку свайго лёсу, якая будзе аберагаць яго па жыцці, і той, хто навучыцца гэта рабіць, абавязкова будзе шчаслівы. Майстрыхі нашага аддзела адраджаюць не толькі гэтае беларускае рамяство, таксама на свяце мы пакажам тканыя паясы ручной работы і вырабы, вязаныя кручком. Усіх, каму цікава, запрашаем на дзятлаўскі падворак!

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ

Похожие публикации