Дзятлаўчане, якія наведалі абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі ў Мастах, падзяліліся сваімі ўражаннямі аб свяце.

Сяргей Францішчык, дырэктар КСУП “Войневічы”:

– Аграрыі Гродзеншчыны сёлета атрымалі рэкордны каравай. Прыемна, што вялікі ўклад у ім належыць і дзятлаўчанам. Мы таксама са сваім рэкордам на жніве – упэўнена перасягнулі 100-тысячатонны рубеж па намалоце. Усе, хто ўдзельнічаў у сёлетняй уборачнай кампаніі, хто аднойчы выбраў справай жыцця няпростую, але шаноўную сельскагаспадарчую сферу, заслужылі сапраўднае грандыёзнае свята. Прыемна, што клопат аб ушанаванні і адпачынку перадавікоў жніва даўно стаў пытаннем дзяржаўнага ўзроўню. Гледзячы на тое, з якім размахам нас сёння сустракаюць абласныя “Дажынкі” ў Мастах, хочацца сказаць шчыры дзякуй Прэзідэнту Беларусі, кіраўніцтву краіны і вобласці за пашану да тых, дзякуючы каму маем хлеб на стале.

Таццяна Гарошка, аператар машыннага даення КСУП “Хвінявічы”:

– На абласных “Дажынках” я ўжо другі раз: мінулы была ў Смаргоні. Заўжды з нецярпеннем чакаю гэтае свята, каб акунуцца ў атмасферу гасціннасці, шчодрасці і душэўнасці, пабачыць падворкі ўсіх раёнаў вобласці, снапы, караваі, набыць прысмакі і паслухаць добрыя песні. Напярэдадні нашага прафесійнага свята, якое сустрэнем ужо праз два тыдні, было прыемна сёння атрымаць абласную ўзнагароду. Вялікае абласное свята – шанц пабачыць кіраўніцтва краіны і вобласці, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, жыццём і дасягненнямі ўсіх раёнаў вобласці, нарэшце, адпачыць і папоўніць скарбонку яркіх уражанняў. Арганізатары пастараліся на славу, дзякую мастаўчанам. Абы не падвяло надвор’е.

Ганна Кур’ян, лабарант Дзятлаўскай міжраённай ветэрынарнай лабараторыі:

– Упершыню стала ўдзельніцай раённай дэлегацыі на абласных “Дажынках”. Вельмі ганарова і надзвычай цікава тут прысутнічаць. У гэтым годзе атрымала першую сваю важкую ўзнагароду – і адразу на абласной сцэне. У Мастах найбольш уразілі падворкі розных раёнаў: кожны з іх са сваім непаўторным каларытам, песеннымі калектывамі, але ўсіх іх яднае гасціннасць і прыветлівасць. З “Дажынак” прывязу дахаты шмат эмоцый, яркіх уражанняў і абавязкова – гасцінцаў, якія многія прадпрыемствы падрыхтавалі спецыяльна да фестывалю-кірмашу.

Віктар Адамчык, дырэктар Дзятлаўскага ПМС:

– Надвор’е сёлета паспрыяла таму, што аграрыі Дзятлаўшчыны атрымалі багаты ўраджай усіх культур. Не засталіся ўбаку ад гэтага дасягнення і меліяратары: за апошнія два гады ў раёне мы ўвялі ў сельскагаспадарчы абарот значныя плошчы сельгасугоддзяў, дзе стараннямі нашых хлебаробаў таксама быў атрыманы добры ўраджай. Канцэптуальна, што рэспубліканская ўзнагарода, якой сёння адзначана Дзятлаўскае ПМС, прысвечана ахове працы. Не будзе важкага караваю не толькі без плённай працы аграрыяў, але і без высокага ўзроўню аховы працы. Жадаю ўсім, хто корміць нашу краіну, вяртацца дамоў без страт як на зямлі, так і ў здароўі. Мірнага неба, заўсёды багатага ўраджаю і дабрабыту ў кожным доме.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ

Похожие публикации