У гімназіі № 1 адбылася сустрэча старшакласнікаў школ горада Дзятлава з выкладчыкам Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Новасялецкім. Ён расказаў навучэнцам, як паступіць ва ўстанову, як адбываецца навучанне будучых афіцэраў:
– Асноўнымі структурнымі падраздзяленнямі акадэміі з’яўляюцца сем факультэтаў: агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, унутраных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення.
Навучанне ажыццяўляецца толькі па дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Заняткі з курсантамі праводзіць высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі састаў, бібліятэка мае больш за 600 тысяч асобнікаў тэхнічнай, спецыяльнай і мастацкай літаратуры, спартыўная база абсталявана сучаснымі вучэбна-трэніровачнымі комплексамі і трэнажорамі.
Падчас навучання курсанты дадаткова праходзяць праграму падрыхтоўкі вадзіцеля катэгорыі “С” з наступным атрыманнем вадзіцельскага пасведчання.
Курсанты 1-га і 2-га курсаў размяшчаюцца ў казармах, старшакурснікі (3-4 курсы) – у добраўпарадкаваных інтэрнатах.
Студэнты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні (рэчавым, харчовым і грашовым). Цяпер стыпендыя складае ад 500 да 600 рублёў, дадаткова выплачваецца штогадовая матэрыяльная дапамога ад 800 рублёў.
Для паступлення ў Ваенную акадэмію абітурыентам неабходна да 1 красавіка года паступлення звярнуцца ў ваенны камісарыят раёна (горада) па месцы жыхарства і прайсці адбор: ацэньваецца стан здароўя, узровень фізічнай падрыхтоўкі, прафесійна-псіхалагічная прыдатнасць.
Залічэнне ажыццяўляецца па суме чатырох крытэрыяў: ЦЭ або ЦТ па рускай (беларускай) мове; ЦЭ або ЦТ па адным з профільных прадметаў (матэматыка, фізіка або гісторыя Беларусі); бал у атэстаце па прадмеце, па якім не здавалі ЦЭ (ЦТ); сярэдні бал дакумента аб адукацыі.
У Ваеннай акадэміі функцыянуюць падрыхтоўчыя курсы, працягласць навучання якіх 7 і 4 месяцы, 2,5 тыдня.
Для тых, хто зацікавіўся паступленнем, больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне прыёмнай камісіі (8017)287-49-22.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga