Мэтай Праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009 — 2014 гады з’яўлялася забеспячэнне даступнай і якаснай дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з сацыяльным заказам грамадства і дзяржавы.  Для дасягнення названай мэты неабходна было аптымізаваць сетку дашкольных установаў, сфарміраваць адаптыўную здароўезберагальную сістэму іх функцыянавання, павысіць сацыяльны статус працаўнікоў сістэмы дашкольнай адукацыі.

І што на выхадзе? З 16 мерапрыемстваў, вызначаных Праграмай, 5 (31 працэнт) не выкананы. Не ўведзены 8 аб’ектаў дашкольнай адукацыі ў Карэліцкім, Шчучынскім, Навагрудскім, Ашмянскім, Бераставіцкім, Слонімскім, Воранаўскім раёнах. У Іўеўскім і Навагрудскім раёнах, а таксама ў Кастрычніцкім раёне горада Гродна не выкананы паказчык забеспячэння камп’ютарнымі месцамі. Не дасягнуты планавы паказчык узроўню ахопу ўстановамі дашкольнай адукацыі дзяцей ад 1 да 6 гадоў. Ніжэй за абласны ўзровень гэты паказчык у Астравецкім (70,1 працэнта), Навагрудскім (72,8 працэнта) раёнах і Кастрычніцкім раёне горада Гродна (72 працэнты).

Ужо які год не вырашаецца праблема вызначэння дзяцей ва ўстановы дашкольнай адукацыі па месцы жыхарства ў мікрараёнах-новабудоўлях і жылых раёнах кропкавай забудовы ў Гродне, Шчучыне, Навагрудку, Міры (Карэліцкі раён), дзе на пачатак года  пайсці ў дашкольныя ўстановы адукацыі па месцы жыхарства не змаглі 1,8 тысячы дзяцей.

Не далі здавальняючага выніку прынятыя меры па адкрыцці прыватных дзіцячых садоў, сямейных дзіцячых садоў (групаў) на аснове самаакупнасці.  У Гродзенскай вобласці такія ўстановы на сёння не адкрыты.

Не прыняты належныя меры для павышэння сацыяльнага статусу працаўнікоў, адкуль вынікае праблема забяспечанасці кваліфікаванымі кадрамі ўстановаў дашкольнай адукацыі.

Адной з самых важных задачаў Праграмы было фарміраванне адаптыўнай здароўезберагальнай сістэмы праз удасканаленне арганізацыі харчавання дзяцей у дашкольных установах. Але і гэта задача не выканана.

Факты парушэння санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства дагэтуль маюць месца: парушэнне тэмпературных умоваў захоўвання прадуктаў харчавання, не захаванне тэрмінаў прыдатнасці харчовых прадуктаў на харчблоках, неадпаведнасць страваў па каларыйнасці рацыёнаў меню- раскладцы. Працаўнікамі харчблокаў не выконваюцца правілы асабістай гігіены.

Устаноўлены факты невыканання нормаў харчаванняў у дзіцячых дашкольных установах па малаку і кісламалочных прадуктах, агародніне, мясе птушцы, рыбе, сухафруктах, садавіне. Але пры гэтым мае месца перавыкананне натуральных нормаў па бабовых, крупах, макаронных, каўбасных і  кандытарскіх вырабах.

І гэта не поўны пералік парушэнняў, выяўленых у час кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў.

Маецца шэраг пытанняў да арганізацыі паставак прадуктаў харчавання і харчовай сыравіны  на аб’екты грамадскага харчавання дзіцячых дашкольных установаў. Прадпрыемствы-вытворцы Гродзенскай вобласці не актыўна ўдзельнічаюць у працэдурах дзяржаўных закупаў. Не знімаючы адказнасці з камісій па закупах аддзелаў адукацыі, трэба адзначыць, што рыбу купляем у ТДА “АССТОР и К” (Брэсцкая вобласць). Масла жывёльнае – вытворчасці СТАА “Ляхавіцкі малочны завод”. Сокі, агуркі марынаваныя, павідла — ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”. А ў гэты час УДП “Гродзенскі кансервавы завод” не ведае, як разгрузіць склады з аналагічнай прадукцыяй.

У Наваградскім і Лідскім раёнах на пастаўку мясной і рыбнай  прадукцыі, птушак, яек складзены дамовы з арганізацыямі аптовага гандлю ААТ “Вялікая Крыніца” (Навагрудак), ААТ “Навагрудскі камбінат школьнага харчавання”, УКП “Камбінат школьнага харчавання” (Ліда) і УКП ТЦ “Патсдам” (Ліда) з часовым іх захоўваннем у складскіх памяшканнях. Такая сітуацыя цягне за сабою падаражэнне кошту прадуктаў харчавання і пры гэтым не заўсёды выконваюцца ўмовы іх дастаўкі.

У многіх раёнах дагэтуль не вырашаны пытанні прамых паставак малочнай, мясной прадукцыі, мяса птушак, рыбы марожанай транспартам прадпрыемстваў-вытворцаў. Маецца практыка, калі ў транспарт аддзелаў адукацыі, спорту і турызму на пляцоўках робіцца перагрузка прадукцыі, якая хутка псуецца, а для часовага захоўвання харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання арандуюцца складскія памяшканні.

Адсутнасць прамой дастаўкі прадукцыі, якая хутка псуецца, транспартам вытворцаў на аб’екты грамадскага харчавання ўстановаў адукацыі, у тым ліку дзіцячых дашкольных установаў, стварае ўмовы для парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства і не дае гарантыі бяспечнага харчавання дзяцей.

Па выніках праведзеных кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў  за дапушчаныя парушэнні заканадаўства вінаватыя службовая асобы будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці.

Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Прямая линия

Прямая линия

15 января, 2025
ГрадусПлюс. Гэта немагчыма есці
Працуюць тэлефоны гарачай лініі

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации