Падзеі
1 min read
1183

Калі спявае душа

8 февраля, 2016
0
Калі спявае душа

У тройку пераможцаў раённага этапу конкурсу “Новыя імёны Беларусі-2016” , які праводзіцца з ініцыятывы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, увайшла Ала Чарняўская — самадзейная артыстка, культарганізатар сектара па рабоце з моладдзю, удзельніца групы “Бархат” пры Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці. Сустрэўшыся з ёю, карэспандэнтка газеты папрасіла адказаць на пытанні, якія датычацца творчасці, захапленняў і мараў.

ВЫТОКІ, ПЕСНІ І ВЕРА Ў СЯБЕ

— Ала, напачатку раскажыце крыху пра сябе.

— Я нарадзілася ў вёсцы Лявонавічы. Пазней сям’я пераехала ў Таркачы.

Талент мне дастаўся ў спадчыну ад таты — Уладзіміра Міхайлавіча Шутава, якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. Ён быў музыкантам, іграў на многіх інструментах, з’яўляўся кіраўніком некалькіх вакальна-інструментальных групаў.

Татавы карані — на Украіне. Прафесійную музычную адукацыю ён атрымаў у Харкаўскім вучылішчы. Калі тата быў жывы, мы часта ездзілі на яго радзіму, да бабулі — Матроны Іосіфаўны. Тата расказваў, што яна была пеўчай у царкоўным хоры. Добра спяваў і мой дзядуля. На жаль, я мала што пра яго ведаю: толькі тое, што ён ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, быў цяжка паранены, рана памёр. А яшчэ — што ён быў цыганом.

Выдатна спявае ў мяне і мама. Яна працуе ў Таркачоўскай школе, выкладае беларускую мову і літаратуру. У свой час мама была ўдзельніцай вакальнай групы “Беларусачка”, якая дзейнічала пры Таркачоўскім доме культуры. Музычным талентам валодае і мой сын Улад.

— Ала, вы памятаеце свой першы выхад на вялікую сцэну?

— Я тады вучылася ў школе. Памятаю, што тата рыхтаваў мяне да конкурсу. Я выконвала песню “Што табе сніцца, крэйсер Аўрора”. Акампаніравала мне інструментальная група. У час рэпетыцый тата часта рабіў мне заўвагі. Я крыўдзілася, не магла зразумець, чаму, за што. Мне здавалася, што ў мяне ўсё атрымліваецца добра.

— Я так разумею, што пасля заканчэння школы вы паступілі вучыцца  па творчай спецыяльнасці?

— Не. Пасля заканчэння школы я паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум, атрымала спецыяльнасць таваразнаўцы. Аднак працаваць пайшла ў Таркачоўскі дом культуры. Пасля па накіраванні паступіла ў Мінскі інстытут культуры, дзе атрымала спецыяльнасць культарганізатара культурна-дасугавай дзейнасці.

— Як вакаліст, якія творы вы больш за ўсё любіце выконваць?

— Я па характары даволі вясёлы чалавек, аптыміст, менавіта таму мне падабаюцца яркія, мажорныя песні. Яны складаюць аснову майго рэпертуару. Аднак для конкурсу “Новыя імёны Беларусі” я вырашыла паспрабаваць сябе ў новым амплуа, выканаць больш лірычную песню, з яе дапамогай перадаць свой унутраны настрой. Мяркую, гэта ў мяне атрымалася. Садзейнічалі таму і парады маіх калегаў, а таксама іншых удзельнікаў конкурсу. У прыватнасці — Мікалая Райко, які незадоўга перад маім выхадам на сцэну даў параду заўжды верыць у сябе. І тады абавязкова ўсё атрымаецца.

— Ала, а ці ёсць у вас кумір?

— Куміра ў поўным сэнсе гэтага слова ў  мяне няма. Цяпер мне падабаецца творчасць  маладых зорак эстрады — Ірыны Дубцовай, Славы, Паліны Гагарынай. У іх выдатныя вакальныя дадзеныя, песні. Аднак, выконваючы той ці іншы твор, я кіруюся сваім бачаннем песні, спяваю так, як я яе адчуваю.

IMG_3110a

СПОРТ, ПРЫГАЖОСЦЬ І МАРЫ ПРА МОРА

— Ала, вы заўжды выдатна выглядаеце. Скажыце, калі ласка, што дазваляе вам трымаць сябе ў такой добрай форме?

—  На мой погляд, любы чалавек можа падтрымліваць сябе ў тонусе дзякуючы здароваму ладу жыцця. А, увогуле, з дзяцінства я захапляюся спортам. У школьныя гады ўдзельнічала ў многіх спаборніцтвах, паказвала някепскія вынікі.

Цяпер наведваю трэнажорную залу “Спорт і прыгажосць”. Таксама я з’яўляюся кіраўніком гуртка сцэнічнай пластыкі, які працуе пры цэнтры культуры. Гурток уключае комплекс заняткаў, якія дазваляюць жанчынам падтрымліваць сябе ў выдатнай форме. Гэта і элементы ўсходняга танца, стэпаэробіка, зумбафітнэс — спартыўныя трэніроўкі пад танцавальную музыку і з элементамі танцаў, той жа румбы, самбы.

— Ала, вы рознабакова развіты чалавек. А чаму б яшчэ хацелі навучыцца?

— У свой час я наведвала курсы па саломапляценні. Мне гэта спадабалася. І цяпер саломапляценне — тая аддушына, якая дазваляе мне адпачыць. На жаль, на удасканаленне  свайго майстэрства ў мяне проста не хапае часу.

— Ці любіце вы падарожнічаць?

— Так, люблю. Некалькі разоў была ў Пецярбургу. Упершыню — у школьныя гады. Як і кожнага, хто быў у гэтым горадзе, мяне ўразілі яго белыя ночы, развадныя масты над Нявой.

У дзяцінстве таксама пашчасціла з’ездзіць на мора. Я тады адпачывала ў санаторыі “Ласпі” каля Ялты. У мора  кінула манеткі, загадала жаданне вярнуцца туды яшчэ раз. Цяпер гэта мая мара.

Падабаецца падарожнічаць і па беларускіх гарадах. Вельмі люблю Мінск — яго рытм жыцця. Яно не стаіць на месцы. Гэта адпавядае майму светаадчуванню, паколькі жыццё для мяне — гэта пастаянны рух наперад.

— Гэта ваш дэвіз?

–Так. Лічу, што сэнс жыцця ў тым, каб пастаянна “расці” — у творчым і асабістым планах, самаўдасканальвацца.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации