Сямейны архіў Ядвігі Чудзілоўскай

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага цэнтра культуры і рэдакцыя газеты “Перамога” ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” працягваюць знаёмства з людзьмі з глыбінкі нашага раёна.

Нядаўна нас гасцінна сустракала ў сябе дома жыхарка вёскі Дубароўшчына Ядвіга Бенедыктаўна Чудзілоўская.

Жанчыне ўжо 82-гі год, таму ёсць што расказаць пра сваё доўгае жыццё. Яна шмат працавала, заўжды была актыўнай і ініцыятыўнай. Ёй было прысвоена званне ўдарніка камуністычнай працы. У сваёй хаце ў роднай вёсцы Драбавічы арганізавала грамадскую бібліятэку, за што была ўзнагароджана значком Міністэрства культуры СССР. Яна ганарыцца сваімі шматлікімі ўзнагародамі – гэта і Ганаровыя граматы за добрую арганізацыю культурна-асветніцкай работы сярод насельніцтва, Падзячныя лісты за актыўны ўдзел у развіцці грамадскай жывёлагадоўлі, Падзячныя лісты за добрасумленную працу ў якасці старасты вёскі Дубароўшчына і шмат іншых. Усе ўзнагароды, газеты, дзе пра яе пісалі, жанчына збірае і захоўвае. Можна сказаць, цэлы сямейны архіў атрымаўся. Часта перабірае-пераглядае яго, і ўспамінаецца ўсё жыццё.

Праца цяжкая, але любімая

Ядзя Леашкевіч (дзявочае прозвішча) пачала працаваць рана – з 14 гадоў. Калі памёр бацька, сям’і стала вельмі цяжка, маці адна не магла пракарміць чатыры дачкі і двухмесячнага сыночка.

– З чаго жыць? І пайшла я прасіцца да старшыні калгаса на працу, – успамінае Ядвіга Бенедыктаўна. – Узялі мяне цялятніцай. Цяжка было, але я рабіла, сябе не шкадавала. Нялёгка было ўсім у той пасляваенны час, не толькі маёй сям’і. Але якая была дружба, якія былі людзі добрыя. Парабіла дзяўчына тры гады, ды пачаліся праблемы са здароўем ад таго, што насіла цяжкія вёдры. Прыйшлося нават лячыцца ў бальніцы.

– Затым уладкавалася я афіцыянткай у сталовую ў Казлоўшчыне, – працягвае свой аповед далей. – Там паўгода парабіла. Здавалася б, і праца фізічна лягчэйшая, чым у калгасе, але мне там не падабалася, асабліва таму, што было шмат п’яных. І калі тагачасны старшыня калгаса Павел Фёдаравіч Сарадоеў прапанаваў зноў пайсці на ферму, я згадзілася. Працаваць вельмі старалася, гадавала цялятак, як уласных, таму і прывагі былі высокія.

Камсамолка, актывістка, дэпутат

Жыццё ў вёсцы Драбавічы, дзе нарадзілася і жыла да замужжа Ядвіга Бенедыктаўна, складалася не толькі з работы і паўсядзённых клопатаў. Моладзь, якой у той час у вёсках было шмат, часта збіралася разам, весела адпачывалі.

Прынялі дзяўчыну ў камсамол. І неяк пачалі самі па сабе праяўляцца ў яе характары арганізатарскія здольнасці.

– Была ў той час у Драбавічах невялікая бібліятэка як нагрузка паштальёну, – расказвае Ядвіга Бенедыктаўна. – Але паштальёнка аддала мне ўсе кнігі, бо ёй не было часу займацца бібліятэкай. А куды іх падзець? Забрала дахаты. Так нечакана стала я ў вольны час яшчэ і бібліятэкарам.

Хата ў нас была вельмі старая, дрэнная. А паколькі я была на ферме добрай працаўніцай, калгас пабудаваў нам дом. Гэта было такое шчасце для нас! Ужо ўся моладзь у мяне збіралася. Папрасіла, каб мне зрабілі стэлаж для кніг. Мая бібліятэчка папаўнялася з часам, да таго ж я выпісвала адзінаццаць газет. У Казлоўшчыне далі мне фармуляры, па якіх выдавала кнігі. У 1964 годзе наша бібліятэка заняла першае месца ў Беларусі сярод грамадскіх бібліятэк.

Гляджу, ужо сталі і танцы ў нашай хаце, ужо з гармонямі прыходзяць: толькі ў Драбавічах сямнаццаць музыкантаў-самавучак было. І вырашылі мы арганізаваць самадзейнасць. Дапамог нам Арсень Максімавіч Яскельчык, тагачасны дырэктар Казлоўшчынскага дома культуры. Знайшла я большую хату ў вёсцы, дзе змаглі б збірацца на рэпетыцыі. Колькі ў нашай вёсцы “адкрылася” тады талентаў!

У Падвялікім была свая самадзейнасць, клуб, і ў нас была свая. Старшыня калгаса прапанаваў іх аб’яднаць. Так утварыўся ансамбль “Рэчанька”. Я была вядучай. Прывозілі да нас кампазітараў, танцораў, вучылі нашу моладзь, мы шмат выступалі.

Актыўнасць Ядвігі Бенедыктаўны паспрыяла яшчэ і таму, што ў 1963 годзе яна была выбрана дэпутатам у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных па Казлоўшчынскай выбарчай акрузе. Чатыры гады была на гэтай пасадзе. Яна прызналася, што прагаласавалі за яе 99,8 % людзей. Пэўна ж, давяралі.

Раскажу, як я вучылася

– Скончыла я чатыры класы, ды ў школу няма як ісці: у нас з сёстрамі былі толькі адны боты на ўсіх. Таму і працаваць пайшла рана. Але павучыцца мне ўсё ж прадаставіўся шанц. Паспрыяў гэтаму загадчык абласнога аддзела адукацыі. Выступала я аднойчы з дэлегацыяй ад нашага калгаса на канферэнцыі ў Гродне. А ён паслухаў маё выступленне і сказаў, што абавязкова трэба вучыцца. Прапанаваў экстэрнам, бо і працу я не магла кінуць. Дагаварыліся з дырэктарам школы, што настаўнікі будуць прыходзіць і даваць мне заданні, а я буду толькі ездзіць здаваць прадметы, неабходныя для паступлення ў тэхнікум. Напаю цялят, набяру кніг у цялятнік, павучу, паеду ў школу. Так за чатыры гады скончыла чатыры класы і змагла паступіць на ветэрынара ў Жыровічы. Праца гэта мне ўжо была знаёмая, бо фельчар быў у нас адзін на ўвесь калгас, навучыў мяне рабіць уколы, даваць лекі, каб я магла сама аказаць першую дапамогу жывёлам. Вось так я і вучылася, і працавала.

Мая сям’я – маё багацце

Ядвіга Бенедыктаўна выйшла замуж за хлопца з вёскі Дубароўшчына і пераехала жыць туды. Нарадзілася ў сям’і Чудзілоўскіх двое дзяцей. Тады ўжо і самадзейнасць прыйшлося пакінуць. Сын Сяргей жыве цяпер у Ашмянах, працуе дырэктарам крухмальнага завода, дачка Лена – у Гродне, яна повар. Радуюць бабулю і дзядулю двое ўнукаў і ўжо чацвёра праўнукаў.

– Дай Бог здароўя маім дзеткам. Можа, з-за іх мы яшчэ і жывём да гэтых гадочкаў, – гаворыць жанчына. – Хоць і далёка яны ад нас, але як трэба што дапамагчы, адразу прыязджаюць. Каб не дзеці, то не ведаю, што рабілі б. Вядома, у нашым узросце сілы ўжо не тыя, а раней трымалі вялікую гаспадарку. Штогод у мяне грыбоў сотня літраў стаяла, соку бярозавага па трыста літраў.

Ядвіга Бенедыктаўна сцвярджае, што і на пенсіі жывецца нармальна. Яна яшчэ садзіць невялікі агарод, ёсць курачкі і кот. Вельмі любіць чытаць.

Напрыканцы сустрэчы пачулі ад жанчыны словы:

– Ведаеце, чым старэйшы становішся, тым яшчэ больш жыць хочацца.

Няхай гэтае жаданне ніколі не пакідае Ядвігу Бенедыктаўну, а будуць здароўе, сілы і магчымасці надалей папаўняць свой сямейны архіў новымі дасягненнямі.

Святлана ГРЫШЫНА



Теги: