З ініцыятывы Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў 24 лютага адбыўся вучэбны семінар па тэме “Захаванне заканадаўства па ахове працы і прафілактыка вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна”.

Запрашэнне на яго атрымалі грамадскія інспектары і інжынеры па ахове працы прадпрыемстваў, установаў, арганізацый раёна.

На змяненнях у Працоўным кодэксе  спынілася ў сваім выступленні галоўны прававы інспектар працы Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іна Мельнікава. Асаблівую ўвагу яна засяродзіла на пытаннях прыёму на работу, заключэнні працоўных дагавораў, звальненні працаўнікоў. Іне Уладзіміраўне былі зададзены пытанні, якія тычыліся афармлення дапаўненняў да кантракта, падаўжэння і скасавання працоўных адносін. Для ўсіх зацікаўленых яна пакінула нумар тэлефона (8-0152-62-44-54), па якім можна атрымаць дадатковую прававую кансультацыю.

Якія абавязкі і правы мае грамадскі інспектар, якім чынам павінна быць наладжана праца грамадскай камісіі і кантроль за захаваннем заканадаўства аб ахове працы ў калектывах – на гэтым спыніўся у час вучэбнага семінара старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык. Ён жа прапанаваў для прысутных на вучэбным семінары правесці паказальны занятак па карыстанні вогнетушыцелем. Як правільна карыстацца сродкам пажаратушэння,  расказаў і патлумачыў намеснік начальніка Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Беленка. Ён таксама засяродзіў увагу на неабходнасці захавання правілаў пажарнай бяспекі, паколькі грэбаванне імі прыводзіць да трагічных наступстваў.

Галоўны спецыяліст упраўленя па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка і памочнік доктара-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марыя Шымчык навучалі ўдзельнікаў семінара, як праводзіць атэстацыю працоўных месцаў па ўмовах працы, якімі заканадаўчымі актамі неабходна карыстацца, якая перыядычнасць праходжання медаглядаў той ці іншай катэгорыі працаўнікоў. Нават пасля заканчэння заняткаў многія інспектары і інжынеры па ахове працы засталіся, каб атрымаць кансультацыю спецыялістаў індывідуальна.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации