Сапраўдныя каштоўнасці – мір, радасць, любоў

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Валанцёры дабрачыннай місіі “Рука ў руцэ” пачалі сваё падарожжа па Дзятлаўшчыне. 5 снежня яны наведалі аграгарадок Гезгалы і пабылі ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Кожны снежань на працягу некалькіх гадоў удзельнікі місіі прыязджаюць у Дзятлава, каб падарыць душэўнае цяпло, радасць і сапраўднае свята наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і выхаванцам Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, іх бацькам і педагогам. Па словах дырэктара праекта “Рука ў руцэ” Анатоля Кушнара, падобныя сустрэчы яны ладзяць па ўсёй Беларусі.

І сёлета валанцёры праекта завіталі не з пустымі рукамі: яны падрыхтавалі для сваіх падапечных музычныя і салодкія падарункі, а таксама цудоўную калядную гісторыю пра сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці. Са сваімі гледачамі ўдзельнікі місіі вырашылі пагаварыць пра мір, радасць і любоў. У каляднай пастаноўцы гэтыя пачуцці ператварыліся ў адухаўлёных герояў. Спачатку ім не ўдавалася дапамагчы ні сямейнай пары, ні дуэлянтам, ні пакрыўджанай жанчыне. Але пасля таго, як Мір, Радасць і Любоў сталі сведкамі вялікага цуда – нараджэння ў пячоры немаўляці Хрыста, яны і самі змаглі мяняць свет да лепшага. Нараджэнне Хрыстова нагадвае людзям пра сапраўдныя каштоўнасці, да якіх варта імкнуцца ў жыцці.

Напрыканцы свята валанцёры раздалі прысутным калядныя падарункі і сфатаграфаваліся на памяць, паабяцаўшы абавязкова сустрэцца праз год.

Загадчыца аддзялення “Праменьчык” Алена Калюцік падзякавала ўдзельнікам дабрачыннага праекта “Рука ў руцэ” за тое, што яны не першы год дораць добры настрой, падарункі і часцінку сваёй душы асаблівым людзям нашага раёна.

 

Ірына КАЎКЕЛЬ