Ветэрынарны доктар Павел Сядзяк у СВК «Войневічы» прыехаў працаваць у маі бягучага года. За гэты, хоць і не вельмі працяглы час, ён зарэкамендаваў сябе як добры спецыяліст — адказны і старанны. Працуе Павел на ферме «Ёцавічы».
Агульны працоўны стаж Паўла налічвае сем гадоў. Пасля заканчэння Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа свой прафесійны шлях ён пачаў на малой радзіме — у Воранаўскім раёне.
Павел — ураджэнец вёскі Больцішкі. Адметна тое, што ўся яго сям’я звязала сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Бацька працуе вадзіцелем у мясцовым сельгаскааператыве. Маці — ветэрынарны доктар з 30-гадовым стажам. Гэтай прафесіі прысвяціў сваё жыццё і дзядуля Паўла. Заатэхнікам пажадала стаць і малодшая сястра хлопца. Таксама як і брат, яна скончыла Ваўкавыскі каледж. Практыку праходзіла ў СВК «Войневічы» пад кіраўніцтвам старэйшага брата. Цяпер Юля атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім аграрным універсітэце.
Здасць апошнюю сесію і атрымае вышэйшую адукацыю ў хуткім часе і сам Павел. Як прызнаецца, сумяшчаць работу і вучобу няцяжка, нават зручна: ёсць магчымасць пастаянна быць у курсе ноых напрацовак ветэрынарнай галіны, рэалізоўваць іх на практыцы, паступова прафесійна расці.
— А ў сваёй мамы прафесійны вопыт пераймаеце? — цікаўлюся ў Паўла.
— Калі пачынаў працаваць, вядома, пераймаў. А цяпер мы ўжо хутчэй калегі, дзелімся вопытам, — адказвае мой суразмоўца.
Яго працоўны дзень пачынаецца з абходу, у час якога Павел высвятляе стан здароўя сваіх «пацыентаў». Затым хлопец складае план працоўнага дня, які ўключае лячэнне хворых жывёлін, вакцынацыю. Патрэбна запоўніць і неабходную дакументацыю.
— Павел, за вашымі плячыма ўжо сем гадоў работы. Як маладому спецыялісту, з чаго складаней за ўсё вам было пачынаць?
— Для любога маладога спецыяліста вельмі важна, у які калектыў ты трапіш. Калі калектыў зладжаны, добры, тады і пачынаць працаваць лёгка, паколькі ведаеш, што табе дапамогуць і падтрымаюць, калі штосьці не атрымліваецца. Мне ў гэтым пашанцавала — і калі толькі пачынаў працаваць у Воранаўскім раёне, і калі пераехаў працаваць у СВК «Войневічы».
Як спецыяліст гаспадаркі, Павел забяспечаны жыллём з усімі зручнасцямі.
Працаваць у СВК яму падабаецца, мяркуе застацца тут і надалей. Падабаецца яму і Дзятлаўшчына. У першую чаргу тое, што тут шмат вадаёмаў: Павел — аматар рыбалкі. Менавіта ёй аддае свой вольны час. Таксама, калі выпадае магчымасць, у выхадныя дні наведвае сваю малую радзіму.
Быў час, калі захапляўся Павел і спортам. У час вучобы ў аграрным каледжы ён атрымаў разрад па гіравым спорце, а таксама меў другое месца ў Ваўкавыскім раёне па выніках спаборніцтваў у гэтым відзе практыкаванняў .
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА