Дзень мудрасці, дабра і павагі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У Дзень пажылых людзей, напярэдадні Дня настаўніка ў гімназіі № 1 горада Дзятлава адбылася традыцыйная сустрэча ветэранаў педагагічнай працы нашага раёна.

Для іх гучалі словы падзякі, віншаванні, песні.

Гасцей урачыстасці віталі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі, намеснік старшыні Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Валянцін Абухаў, старшыня раённага савета ветэранаў галіны Раіса Ганчарэвіч.

– Традыцыя падобных сустрэч зарадзілася дзевяць гадоў таму і будзе прадоўжана, – зазначыў Станіслаў Фабішэўскі. – Такія святы – выдатная магчымасць для педагогаў-пенсіянераў раёна сустрэцца, пагутарыць, падзяліцца навінамі, падбадзёрыць адзін аднаго, паказаць свае таленты.

Днём мудрасці, дабра і павагі назвала свята Наталля Белаус і падкрэсліла, што ўсё сваё прафесійнае жыццё настаўнікі раёна вучылі падрастаючае пакаленне быць добрымі, уважлівымі, справядлівымі, а цяпер шчодра дзеляцца з маладзейшымі калегамі назапашаным педагагічным і жыццёвым вопытам.

Ва ўрачыстай абстаноўцы граматы і падзячныя лісты атрымалі заслужаныя ветэраны педагагічнай працы. Таксама былі ўручаны падарункі і сувеніры ад спонсараў. Па традыцыі, з уручэннем падарункаў і музычнымі віншаваннямі ўшанавалі 60-і, 70-і, 80-і, 90-гадовых юбіляраў. Выступілі і самі настаўнікі-пенсіянеры. Напрыклад, шмат цёплых словаў калегам адрасавала 92-гадовая Еўдакія Улога і прачытала верш.

Мерапрыемства прадоўжылася ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе да Дня настаўніка арганізавана выстава. Наведаць яе работнікі музея запрашаюць усіх жадаючых. Пра яе экспанаты расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Алена Абрамчык.

– Тут прадстаўлены матэрылы пра настаўнікаў, якія заслужылі павагу ў людзей, грамадства, вучняў. На Дзятлаўшчыне іх шмат. Першыя звесткі сабраны пра заслужаных педагогаў і выдатнікаў адукацыі. У пошуках інфармацыі мне дапамагаў раённы савет ветэранаў галіны. Настаўнікі, з якімі сустракалася, аддалі ў музей шмат цікавых рэчаў. У нас атрымалася выстава, дзе прадстаўлены асобы шаснаццаці ганаровых педагогаў. Надалей экспазіцыю плануем папаўняць. Спадзяюся, выстава зацікавіць не толькі педагогаў і навучэнцаў, але і жыхароў раёна.

Алена Абрамчык сама шмат гадоў адпрацавала на ніве педагогікі. Скарыстаўшыся магчымасцю, яна павіншавала былых калегаў са святамі, пажадала здароўя, поспехаў, натхнення.

Арганізатары ўрачыстасці далучыліся да віншаванняў і выказалі словы падзякі спонсарам сустрэчы: Мікалаю Шалевічу, Тамары Марчанка, Наталлі Манчук, Святлане Кругловай, Вользе Якшэвіч, Сяргею Біруку, Вользе Кашко, Валерыю Зыкіну, Людміле Маркушэўскай, Наталлі Урбановіч, Андрэю Турэвічу, Сяргею Турчэніку, Аляксандру Аскараву.

Лізавета ГРЫВАЧЭЎСКАЯ