Хто лепш за ўсіх знаёмы з беларускімі народнымі песнямі?
Хто зможа станцаваць любы танец ‒ ад полькі і танга да “танца маленькіх качанят”? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні мы даведаліся, пабываўшы на брэйн-рынгу, арганізаваным сектарам па рабоце з моладдзю Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці.
У спаборніцтве прынялі ўдзел тры каманды: навучэнцы гімназіі №1, СШ №1 і СШ №3 г. Дзятлава. Удзельнікам трэба было прайсці тры этапы конкурсу: адгадаць мелодыю, успомніць песню па ключавым слове і станцаваць танец, прапанаваны вядучай. За кожны з этапаў журы конкурсу ў складзе дзяржаўнага інспектара па ахове працы Сяргея Малышчыка, выкладчыцы школы мастацтваў Таццяны Шостка, кіраўніцы ўзорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы” Аксаны Кашляк і доктара Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Наталлі Павачкі, налічвалі ўдзельнікам балы. Суддзі звярталі ўвагу не толькі на дакладнасць і падрабязнасць адказаў, але і на тое, як адказвалі ўдзельнікі ‒ цаніліся акцёрскае майстэрства, гумар і пазітыўнасць.
Варта згадаць і пра чаяванне, якое адбылося ў час падліку балаў. Удзельнікі змаглі не толькі падсілкавацца пасля актыўных і вясёлых конкурсаў, але і пазнаёміцца і пагутарыць адзін з адным. У ходзе абмеркавання ўражанняў яны прыйшлі да адзінай думкі: хочацца, каб такіх мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць актыўную моладзь горада, было больш.
Настаў час падвесці вынікі вечара і даведацца, хто ж стаў пераможцам. Вынікі размеркаваліся наступным чынам: на трэцім месцы апынулася гімназія № 1 г. Дзятлава, на другім ‒ СШ № 1, на першым ‒ СШ № 3.
Пасля абвяшчэння вынікаў да ўдзельнікаў звярнуўся Сяргей Малышчык:
‒ Памятаю, калі я быў маладым, то таксама рваўся на сцэну і нічога не баяўся. Жадаю вам таго ж: ніколі не саромейцеся і рухайцеся толькі наперад. Памятайце, што вы вельмі таленавітыя, вы ‒ будучыня нашай краіны. Добра вучыцеся ў школе і ва ўніверсітэтах, а пасля вяртайцеся да сябе на малую радзіму.
На гэтай натхняльнай ноце і завяршыўся вечар. Спадзяёмся, што рабяты будуць і далей такімі ж актыўнымі і таленавітымі, а гэта спаборніцтва стане далёка не апошнім у іх жыцці.
Марыя ПАПОВА