На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама былі разгледжаны адміністрацыйныя пратаколы, прыняты адпаведныя рашэнні.

Лета, познія прагулкі, пратаколы

Нягледзячы на папярэджанні і рэгулярныя публікацыі ў газеце, у час канікулаў і дзяржаўных святаў узрастае колькасць падлеткавых правапарушэнняў, звязаных са знаходжаннем дзяцей па-за жыллём пасля 23 гадзін без суправаджэння дарослых. Норма заканадаўства, якая абмяжоўвае з 6 да 23 гадзін час знаходжання дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў на двары, уведзена, каб абараніць непаўналетніх ад супрацьпраўных замахаў і небяспекі. Пра гэта патрабаванне ведаюць і дарослыя, і дзеці, але не ўсе яго выконваюць. Калі дзіця затрымліваецца ў сяброў ці родных надоўга, можна папрасіць, каб хто-небудзь з дарослых праводзіў яго дахаты або самім бацькам пайсці і забраць яго. На жаль, так адбываецца не заўсёды, таму на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама часта разглядаюць падобныя адміністрацыйныя пратаколы.

Два з іх былі складзены на бацькоў непаўналетняга, якія адпусцілі сына на Купалле з паўналетнім суседам. Дарослыя паспадзяваліся, што ўсё будзе добра і хлопцы пасля свята разам вернуцца дахаты. Але сусед – не нянька. Падлетак на свяце адышоў ад дарослага сябра, у выніку чаго быў затрыманы работнікамі міліцыі. Незадоўга да гэтага сыну тэлефанавала маці, і хлопцы паабяцалі ёй, што хутка будуць дома. Жанчына была непрыемна здзіўлена, даведаўшыся аб здарэнні. Паколькі аматар позніх прагулак і яго сям’я характарызуюцца станоўча, на першы раз дарослых папярэдзілі аб недапушчэнні падобных сітуацый у далейшым.

Таксама два пратаколы на сваіх бацькоў за несуправаджэнне ў позні час “зарабіў” яшчэ адзін непаўналетні жыхар нашага раёна. Сітуацыя класічная: хлопца міліцыя затрымала таксама на Купаллі. Бацькі дазволілі яму схадзіць на свята з сябрамі, збіраючыся пазней забраць хлопца адтуль, аднак гэта ў іх не атрымалася. Парушальнік усвядоміў свой учынак, яго бацькоў таксама папярэдзілі.

Не хачу вучыцца – буду працаваць

Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама разгледзела паводзіны сямнаццацігадовага жыхара нашага раёна, навучэнца аднаго з Лідскіх ліцэяў. Хлопец сёлета “актыўна” прапускаў заняткі, дрэнна сябе паводзіў у інтэрнаце, за што быў адтуль выселены. Размова выкладчыкаў ліцэя з бацькамі навучэнца не дала станоўчых вынікаў: юнак катэгарычна заявіў, што не збіраецца прадаўжаць вучобу. Пры гэтым, праўда, ён сцвярджаў, што наняўся на работу ў бар. Члены камісіі праверылі версію з працаўладкаваннем, аказалася, што хлопец не схлусіў. Паколькі занятасць пацвердзілася, бацькам нашага земляка дазволілі забраць яго дакументы з навучальнай установы. Цяпер у былога навучэнца пачнецца працоўнае жыццё з усёй яго адказнасцю. Хлопцу пажадалі быць больш абачлівым, бо праз некалькі месяцаў яму споўніцца 18 гадоў, і за любыя ўчынкі давядзецца адказваць па-даросламу.

Пасварыўся з дзяўчынай і выпіў піва

На непаўналетняга жыхара нашага раёна былі складзены два адміністрацыйныя пратаколы: за распіццё спіртнога ў грамадскім месцы і за знаходжанне п’яным на вуліцы, якая таксама з’яўляецца грамадскім месцам. На жаль, дакладна высветліць, адкуль узялося піва, не ўдалося, паколькі падлетак агучваў некалькі версій, праверку якіх ажыццяўляла міліцыя. А вось медыцынскае асведчанне затрыманага дакладна пацвердзіла, што ў той вечар ён быў нецвярозы. Юнак патлумачыў, што напярэдадні пасварыўся са сваёй дзяўчынай, таму і вырашыў выпіць алкаголь. Вядома, гэта ніколькі яго не апраўдвае, як і той факт, што ён не знайшоў у сабе смеласці сказаць усю праўду да канца.

Па рашэнні камісіі па падвух адміністрацыйных пратаколах хлопца на першы раз папярэдзілі, расказаўшы, наколькі значнай будзе сума штрафу пры паўторным аналагічным парушэнні на працягу года. Да таго ж з юным аматарам спіртнога будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Закон ёсць закон

Міжраённая дзяржаўтаінспекцыя затрымала ў вёсцы юнака, 2002 года нараджэння, які кіраваў трактарам без адпаведнага пасведчання. Трактар дазволіў узяць сыну бацька, паколькі хлопец з дзяцінства цікавіцца тэхнікай і збіраецца паступаць у аграрна-тэхнічны каледж. На жаль, нават такія добрыя памкненні бацькі з’яўляюцца парушэннем дзеючага заканадаўства, таму мужчыну давялося заплаціць штраф. Маладому “трактарысту” члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама параілі садзіцца за руль толькі на спецыяльна адведзеных для гэтага пляцоўках. На першы раз хлопца папярэдзілі, а таксама пажадалі яму поспехаў у вучобе і атрымання вадзіцельскага пасведчання.

Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Похожие публикации