Купалле ў Наваельні (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

На стадыёне ў гарадскім пасёлку Наваельня сабралася шмат жадаючых адсвяткаваць Купалле – свята чароўнае, магічнае і крыху загадкавае.

Па павер’і, у гэтую асаблівую ноч могуць размаўляць усе расліны, жывыя істоты… і нават нечысць выходзіць са сваіх сховішчаў, каб напалохаць людзей, а каго і заманіць у ваду. Так і здарылася. Галоўная Русалка, Вадзянік і Ведзьма задумалі разлучыць закаханых Насценьку і Васілька, падманвалі іх, перашкаджалі сустрэцца. Але кемлівы Васілёк змог выканаць просьбу Вадзяніка – развесяліў яго, дарэчы, з дапамогай гледачоў, якія актыўна ўдзельнічалі ў гульнях, – і закаханыя зноў сустрэліся. І хоць у гэтую ноч Насценька і Васілёк не знайшлі папараць-кветку, яны знайшлі большае – сваё шчасце.

А свята было ў самым разгары. Юныя новаяльнянцы актыўна карысталіся магчымасцю паласавацца салодкай ватай, папкорнам, хот-догамі, пазабаўляцца на атракцыёнах. Дарослыя сустракалі бурнымі апладысментамі і падпявалі любімыя песні як сваім мясцовым артыстам, так і госці іх свята з Гродна – Але Аўдзейчык. У кагосьці на свяце быў такі добры настрой, што ён вырашыў усіх парадаваць невялікім салютам.

Усе, хто купіў перад святам латарэю, а то і не адну, чакалі таго моманту, калі ж пачнецца розыгрыш. І не расчараваліся: кожны атрымаў прыемны і карысны падарунак.

Адным з доўгачаканых момантаў свята было запальванне вялікага купальскага вогнішча, і калі яно поўнасцю разгарэлася, вельмі ўражвала і проста заварожвала.

Але свята на гэтым не скончылася: хтосьці весяліўся і танцаваў на дыскатэцы, а хтосьці, мабыць, пайшоў шукаць сваю папараць-кветку…

Сваімі ўражаннямі ад свята падзяліліся яго госці.

Ганна і Дзмітрый Касцюшка, жыхары горада Вільнюса Літоўскай Рэспублікі:

– Дзятлаўшчына – гэта наша малая радзіма. Мы кожны год прыязджаем сюды на гэтае свята. Радуе тое, што тут сабралася столькі многа гасцей, што зберагаюцца народныя традыцыі і да гэтага далучаецца моладзь.

Таццяна і Алег Урбановічы, жыхары горада Дзятлава:

– Мы прыехалі ў Наваельню усёй сваёй сям’ёй, з намі дзве нашы дачушкі. Яны паскакалі на батуце, пакаталіся з надзіманых горак. Вельмі спадабаўся канцэрт салісткі Гродзенскай філармоніі Алы Аўдзейчык, а вогнішча проста супер!

 

Святлана ГРЫШЫНА
Таццяна ГРЫЦУК
Вольга ЮШКЕВІЧ